Міхаіл Малахаў: Я марыў стварыць у Полацку прафесійны тэатр



Міхаіла Малахава ў Полацку сёння амаль ніхто не ведае. Ён на самоце дажывае свой век у бацькоўскім доме. У дзяцінстве падчас вайны Міхаіл з маці апынуўся у Германіі. Калі вярнуліся ў Полацак, хлопчык акрамя нямецкай мовы ніякай іншай не ведаў. Нямецкамоўным пайшоў у першы клас. Выстаяў. Набыў упарты характар. І мару – працаваць у тэатры. Нягледзячы ні на што, стаў акторам. Працаваў у розных тэатрах Савецкага Саюза. Але куды б яго не закідваў лёс, усюды заставаўся патрыётам сваёй радзімы – Беларусі. У гутарцы з Алесем Аркушам Міхаіл Малахаў расказаў пра свой творчы шлях.

Міхаіл Малахаў: Я паехаў пасля школы… Куды? Ну канешне, я ж хацеў быць толькі артыстам. Паехаў у Маскву. Вы што! Які там Менск! Гэта не для мяне. Здаў кансультацыі. Быў дапушчаны да экзаменаў. І на першым экзамене мне гавораць: малады чалавек, мы вас не прымем, вам трэба навучыцца гаварыць па-руску. Я ім кажу: дык я гавару па-руску. Не, вам трэба навучыцца. А каб навучыцца, спачатку трэба дасканала авалодаць беларускай. І вось з таго моманту, калі вярнуўся ў Полацак, я размаўляў толькі па-беларуску. Я хадзіў у народны тэатр. Іграў многа. Вельмі добры склад у нас быў.

01 (Міхаіл Малахаў, 1960 год)РР: Але вы ігралі пераважна ў расейскамоўных спектаклях?

Міхаіл Малахаў: На расейскай мове, так. Але былі і беларускія п’есы. Ігралі “Партызаны” Крапівы. Я іграў Дзеда Талаша.

Народны ёсць народны. Затым я пазнаёміўся з адным чалавекам, і ён мяне рэкамендаваў у тэатральную студыю, якая адкрылася ў Вялікіх Луках ад ленінградскага тэатра Акімава. Той мой знаёмы сказаў: я табе напішу паперку і ты едзь. І мяне прынялі. Пашанцавала. Былі добрыя выкладчыкі – і па сцэнічнаму руху, і па акторскаму майстэрству. І вось гэтую студыю я закончыў.

РР: Калі закончылі, куды вы затым падаліся, ці было нейкае накіраванне?

Міхаіл Малахаў: Мяне пакінулі ў тэатры памочнікам рэжысёра. Але я хацеў быць артыстам, а не рэжысёрам. І я паехаў у Маскву на так званую тэатральную біржу. Мяне размеркавалі ў нейкі горад у Саратаўскай вобласці, ужо не памятаю яго назву. Я прыехаў – а там усё закрылі. А ў Вялікіх Луках я звольніўся.

РР: У якім гэта годзе было?

Міхаіл Малахаў: Гэта было ў 1960 годзе. Адтуль я патрапляю ў горад Котлас Архангелскай вобласці. Там я не доўга быў. Там дужа сцюдзёна. Мароз і вецер. А горад называўся Котлас-Паўднёвы. Я спісаўся з Ленінабадам Таджыкскай ССР. І туды мяне запрасілі. Па-першае, у Котласе мне плацілі ўсяго 55 рублёў. А там мяне ўзялі на 75. Я, зразумела, паехаў на 75. Гэта быў рэспубліканскі рускі тэатр драмы і камедыі Таджыкістана. Там я адпрацаваў 6 гадоў. Затым я трапляю ў горад Гародню. У Гародні таксама адпрацаваў 6 гадоў.

РР: Гэта быў беларускі тэатр, ці рускі?

Міхаіл Малахаў: Рускі. Але мы ставілі “Прымакі” Янкі Купалы, гэты спектакль карыстаўся вялікім поспехам. Мішчанчук і я ігралі галоўныя ролі.

Пасля Гародні я, па стану здароўя, зноў паехаў у Сярэднюю Азію – у Ферганскі абласны драматычны тэатр. Там галоўным рэжысёрам быў Гарыіл Данілавіч Абдулаў. А ягоны сын Саша Абдудаў, пры мне, іграў сына ў “Трыбунале”.

03 (Міхаіл Малахаў, 1980-1992 гады)РР: Вы яго ведалі маленькім?

Міхаіл Малахаў: Ну не маленькім… тады яму было 18 гадоў. Ён спачатку не паступіў. Першы раз не паступіў, другі. І тады бацька паехаў і яго ўладкаваў. А калі Гарыіл Данілавіч з’ехаў, а ён быў галоўным рэжысёрам і дырэктарам, так атрымалася, што на гэтай пасадзе замяніў яго я. Я стаў дырэктарам і выконваючым абавязкі мастацкага кіраўніка.

А затым я пазнаў тэатральны свет з сярэдіны. Усе яго “прэлесці”. І адчуў непатрэбнасць гэтага. Я таду быў іграючым дырэктарам. Я іграў у спектаклях. Напрыклад, я іграў у спектаклі па п’есе Дударава “Парог”, галоўную ролю.

І потым мне ўсё гэта абрыдла. Абрыдла. Не хацеў бачыць. І я паступаю ва ўніверсітэт імя Мірзо Улугбека на геофак. І заканчваю яго.

РР: У якім узросце вы паступалі?

Міхаіл Малахаў: У 40 гадоў. Закончыў з чырвоным дыпломам. І вучыўся на ўзбекскай мове. У нас на патоку было 85 чалавек, адзін я быў “урус”. Астатнія былі ўсе ўзбекі, таджыкі, кіргізы…

Абставіны павярнуліся так, што мы перажылі ваеннае становішча. У нас тады за адну ноч выразалі ўсіх турак-месхетынцаў. Шмат турак было. Туркі, грэкі. Выразалі ўсіх турак і спалілі вуліцы з імі разам. Я тады ўжо працаваў у школе. Было ваеннае становішча. Выпускныя вечары былі пад танкамі, бэтээрамі. У такіх абставінах я вырашыў вярнуцца ў Полацак. Але, сорамна прызнацца, я шкадую. Там я быў чужы сярод сваіх. А тут я – свой сярод чужых. Мы тут не прыжыліся.

РР: Дзе вы пачалі працаваць у Полацку, чым вы тут займаліся?

Міхаіл Малахаў: У Полацку я пайшоў у школу… Справа ў тым, што ў Полацку Уладзімір Тачыла (тагачасны старшыня гарвыканкаму. – РР) марыў адкрыць прафесійны тэатр. І ён бы адкрыў. Але сталі “кушаць” Уладзіміра Сцяпанавіча. А потым пайшла чахарда. Нікому не патрэбна гэта стала. А ў нас быў вельмі добры калектыў. Паверце мне, працаваў на прафесійным узроўні.

РР: А як ён называўся?

Міхаіл Малахаў: Народны тэатр “Пілігрым”.

РР: А што вы лічыце сваім самым важным тэатральным дасягненнем?

Міхаіл Малахаў: Я лічу для сябе важнай ролю Леановіча ў “Вераб’інай ночы”. Гэтую п’есу па Караткевічу мы паставілі ў Полацку з „Пілігрымам”.

Гутарыў Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя.