Гарадзенцы масава паступаюць у польскія ВНУ



Больш за 200 выпускнікоў сярэднеадукацыйных школ Гарадзеншчыны польскага паходжання выказалі жаданне працягнуць вучобу ва ўніверсітэтах Рэспублікі Польшча і атрымліваць стыпендыю ўрада гэтай краіны. Адпаведныя дакуманты пададзеныя маладымі людзьмі ў Генеральнае консультва Рэспублікі Польшча ў Гародні.

Як зазначае дырэктар грамадскай школы пры Саюзе палякаў Алена Дубоўская, стыпендыя польскага ўрада не адзіная магчымасць трапіць у польскія ўніверсітэты:

– Моладзь мае іншыя магчымасці, калі мае карту паляка. Маладзёны могуць паступаць у кожную навучальную ўстанову Польшчы, бясплатна вучыцца як паляк, плюс атрымліваць сацыяльную стыпендыю навучальнай установы пасля падачы поўнага камплекта патрэбных дакументаў.

На сённяшні дзень памер стыпендыі польскага ўрада складае каля тысячы злотых – гэта прыкладна 5 мільёнаў беларускіх рублёў.  На яе могуць разлічваць толькі студэнты польскага паходжання, якія валодаюць картай паляка.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня