Баба з возу – каню лягчэй



„Еўрабачанне” сёлета ў Беларусі глядзелі нават тыя, хто звычайна яго не глядзіць. Людзей, якія слухаюць класіку ці рок, пернікамі да экранаў не заманіш завываннямі Агурбаш „Любі мяне ўвечары” ці невыразнымі кампазіцыямі TEO „Чызкейк”. Але сёлета ўкраінская спявачка крымска-татарскага пахожання Джамала праспявала пра дэпартацыю татар у 1944 годзе. А гэтая кампазіцыя – ужо тое, дзеля чаго варта паглядзець папсовы конкурс. І нават прагаласаваць.

Галасы беларусаў, якія прагаласавалі за Расею і за Украіну, не вельмі і адрозніваліся. Саюзная дзяржава атрымаа 12 балаў ад тэлегледачоў з Беларусі, а Украіна, куды яшчэ нядаўна баяліся ездзіць нашыя суайчыннікі, – 10. Затое беларускае журы паказала сваю лаяльнасць. Паставіла Украіне ўсяго 7 балаў і найвышэйшую адзнаку, 12 балаў, – выканаўцу з Расеі. Як сказаў сябра беларускага журы TEO, які на „Еўрабачанні” у 2014 годзе заняў усяго 16 месца, „у Джамалы песня – прамая спекуляцыя. Да таго ж я не прызнаю на „Еўрабачанні” дэпрэсіўную музыку”. Трагедыя людзей, якіх 72 гады таму выкінулі з дамоў і краіны толькі за тое, што яны татары, – гэта спекуляцыя. Паглядзела б я на гэтага TEO, калі б яго дэпартавалі з уласнай краіны. Што б ён тады заспяваў. Няўжо пра свой пазітыўны чызкейк, з якім ён заняў цэлае 16 месца. А ўвогуле, можа быць, калі б TEO праспяваў у 2014 годзе пра Слуцкі зброены чын, то таксама б атрымаў 1 месца, а не 16-е. А так са сваім пазітыўным чызкейкам ён плёўся далёка ў хвасце.

А вось расейскія аматары конкурса „Еўравізія” закрычалі ўжо: „Караул, конкурс палітызавалі”. Ну, не выгнаў бы іх любімы Сталін татараў у 1944 годзе з Крыма, не анексаваў бы Пуцін у 2014 годзе Крым, дык і не было б ніякай палітыкі. А так: трымайце цалкам справядліва тое, за што змагаліся. Як вераць ведысты, цяперашняе быццё вызначаецца ўчынкамі, думкамі і пачуццямі мінулых жыццяў.

Старшыня камітэта савета Расейскай Федэрацыі па абароне і бяспецы Франц Клінцэвіч нават заявіў, што сумняецца, ці будзе ўдзельнічаць РФ у наступным годзе ў „Еўрабачанні”, якое адбудзецца ва Украіне. Як заўважалі інтэрнаўты з гэтай нагоды: „баба з возу, каню лягчэй”.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ