Праваабаронца скардзіцца на міліцыянтаў



Tamara_SiargiejПраваабаронца Тамара Сяргей звярнулася да кіраўніка міліцыі горада Менска Аляксандра Барсукова са скаргай на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі Цэнтральнага раёна і непасрэдна на начальніка раённага аддзялення Артура Шахлая. Паводле заяўніцы, падчас пікету, які адбыўся 31 сакавіка на плошчы Свабоды, у якім яна і некалькі іншых грамадзян прымалі ўдзел, ніхто з супрацоўнікаў міліцыі не падыходзіў да іх, не рабіў заўвагаў і не папярэджваў пра супрацьпраўныя дзеянні, якія гэтыя грамадзяне, па меркаванні міліцыі, у выніку ажыццявілі:

– Тым самым супрацоўнікі міліцыі парушылі дзве нормы закона РБ “Аб органах унутраных спраў”, якія ўскладаюць на іх абавязак спыняць усе незаконныя дзеянні. Калі я парушыла закон, то яны забавязаны былі мяне спыніць. Але нічога падобнага не было. І таму маё прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці пасля падзей ёсць незаконным.

Паводле Тамары Сяргей, яна звярталася з падобнай скаргай да начальніка Цэнтральнага РУУС, аднак ён скаргу не разглядаў. Таму праваабаронца звярнулася ў вышэйшую інстанцыю, каб атрымаць адказ на пытанне, чаму міліцыянты спачатку не выконваюць сваіх абавязкаў, а пазней складаюць пратаколы на грамадзян нібыта за нейкія парушэнні.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск