Кабзон гатовы ехаць на „Еўрабачанне” ва Украіну
Іосіф Кабзон у абмен на дазвол прыехаць ва Украіну гатовы праспяваць на наступным «Еўрабачанні» па-ўкраінску.
Народны артыст СССР Іосіф Кабзон заявіў пра гатоўнасць паехаць на «Еўрабачанне» ва Украіну, калі з яго здымуць санкцыі. Пра гэта паведамляе РІА «Навіны».
З ініцыятывай выправіць Кабзона на песенны конкурс у 2017 годзе выступіў дэпутат Дзяржаўнай думы РФ ад КПРФ Валерый Рашкін. Ён лічыць, што Кабзон «зможа перадаць нацыянальны дух» на гэтым конкурсе.
«Я ж пад украінскімі санкцыямі. Але я б не спалохаўся, я б паехаў, вядома, калі б санкцыі з мяне знялі. Гэта мая Радзіма, я б на ўкраінскай мове спяваў», – адзначыў ён.
Нагадаем, што Кабзон неаднаразова наведваў акупаваны Данбас і выступаў у падтрымку Расеі. З лютага 2015 года яму забаронены ўезд у краіны Еўразвяза. Таксама ён уваходзіць у «чорны спіс» украінскага Мінкульта і СБУ.
Фота rusvesna.su