Віртуальны музей габрэяў у Белавежы



muzej_gabreiau

Пра невядомую гісторыю Белавежы распавяла стваральніца Віртуальнага музея гісторыі габрэяў у Белавежы Катажына Вінярска:

РР: Ці праўда, што, каб зацікавіцца мясцовай гісторыяй трэба аднекуль прыехаць? Вас зацікавіла тэма габрэяў.

Катажына Вінярска: Так, бо гэта гісторыя сама да мяне прыйшла. Маю згрызоты сумлення, што занялася ёй так позна. Яна сама да мяне прыйшла, бо аказалася, што будынак, які купіў наш фонд, быў збудаваны з дрэва нейкага габрэйскага будынку з Белавежы. Усё ўказвае на тое, што ён збудаваны з будынку габрэйскай школы.

РР: Фонд Яцэка Кураня месціцца ў былой габрэйскай школе ў вёсцы Тэрэміскі?

Катажына Вінярска: Так, у былой школе, якую збудавалі жыхары пасля вайны, як аказваецца ў былой габрэйскай школе. Гэта быў адзін момант, калі гэта гісторыя да мяне сама прыйшла, неяк мяне зачапіла. Другі быў наступны, я знайшла на падворку кавалак мацэвы – габрэйскай надмагільнай пліты, верагодна з Нараўкі. Такім чынам, гісторыя прысутнічае ў нашым жыцці. Магчыма, калі тут жывеш, то проста маеш яе з дзяцінства і яна з’яўляецца нечым натуральным. Мне здаецца, што сваіх дзядуляў мы не распытаем, а распытваем чужых пра розныя рэчы, у мяне падобная сітуацыя. Я вырашыла распытаць чужых дзядуляў пра гэтыя гісторыі, якія не былі расказаны сваім унукам і сваім дзецям, таму так “паплылі”, бо была патрэба, каб іх распавесці.

РР: Можна сказаць, што гэты музей з’яўляецца плёнам вашых пошукаў?

Катажына Вінярска: Так, канешне, але першымі былі “Тэрэмішчанскія апавяданні”. Нам здавалася, што калі мы прыязджаем такой даволі вялікай групай у маленькую вёску, то гэта з’яўляецца нашым нейкім такім абавязкам у адносінах да гэтых жыхароў, штосьці даведацца пра гэта месца. Мы таксама шукалі за што зачапіцца, нашыя карані, якія можам сабе там стварыць. Веданне гісторыі і таго, што з’яўляецца важным для гэтага месца, здавалася нам ключавым. Мы пайшлі да жыхароў вёскі, каб распытаць. Мы пыталі пра будынак нашай школы ў якой жылі, але тады на гэтую габрэйскую гісторыю не трапілі. Праз некалькі гадоў людзі, якія прынялі нас у гэтай вёсцы, самі прыйшлі распавядаць розныя гісторыі. Так пачаліся “Тэрэмішчанскія апавяданні”, а цяпер яны перайшлі ў гісторыі белавежскіх габрэяў.

РР: Як рэагавалі старэйшыя жыхары Белавежы на такія пытанні?

Катажына Вінярска: Аднойчы хтосьці не захацеў са мной размаўляць. Я пайшла да асобаў, якіх мне параіў Пётр Байко, які ведаў хто зможа распавесці такія гісторыі. Пра Белавежу ён ведае шмат, першыя габрэйскія гісторыі ён збіраў ужо шмат гадоў таму, але яны былі толькі адным з элементаў сярод іншых гісторый датычных Белавежы. У кожным выпадку ён параіў мне асобаў да якіх я магла б пайсці паразмаўляць, і яны мяне ўсе вельмі добра прынялі. З вялікай ахвотай распавядалі пра сваіх суседзяў, ад сустрэчы да сустрэчы штораз больш прыгадвалі і больш гісторый распавядалі. Я па некалькі разоў хадзіла да часткі з гэтых асобаў, яны раілі мне чарговых асобаў. Малодшыя людзі шмат памятаюць, таму я таксама сустракалася з гэтым чарговым пакаленнем. Людзі, якія распавядалі, што казалі ім іх бацькі, або распавядалі пра што самі даведаліся, напрыклад, пра тое, што жывуць у габрэйскім доме. У мяне не было ўражання, што тут ёсць нейкая праблема, што людзі не хочуць пра гэта расказваць, што хочуць нешта схаваць, не было такога ўражання. Баялася трохі, як будзе на адкрыцці музея, але маю ўражанне, што адкрыццё было прызнана. Шмат асобаў пасля да мяне падышло, шмат людзей цяпер сустракаю. Кожны хоча мне штосьці сказаць, што мае сваю гісторыю, што маці яму казала, або мае нейкія дзверы ад габрэйскай цырульні ў сябе дома, каб прыйшла. Пакуль адчуваю вялізнае прызнанне і вельмі цешуся з гэтай нагоды, бо вельмі хацела б, каб памяць пра гэту супольнасць была ўшанаваная, бо пакуль гэта не зроблена.

РР: Матэрыяльныя помнікі габрэйскай культуры не захаваліся?

Катажына Вінярска: Так, не захавалася сінагога. Але, на дзіва, адшукалі лазню, якая надаей стаіць. І хіба ніхто, акрамя спадара Савіцкага, не ведаў, што яна ўвесь час стаіць тут. А гэта адзіная матэрыяльная памяць пра белавежскіх габрэяў. Другім помнікам матэрыяльнай культуры можна назваць ліст рабіна Копэль Кахана, які яшчэ не так даўно быў выстаўлены на ebay. Два дні таму, пасля адкрыцця аўкцыёну, мужчына з Беластока купіў для мяне гэты ліст, для музея. Таму будзем мець ужо першую матэрыяльную спадчыну. Я вельмі цешуся. Для мяне гэта было прыемнай неспадзяванкай, што знайшлася асоба, якая купіла для нас гэты ліст.

РР: Чаму так мала было габрэйя ў у Белавежы?

Катажына Вінярска: Белавежа была хутчэй вёскай. Вялікай вёскай, а не гандлёва-прамысловым цэнтрам. Увогуле, доўгі час Белавежа была каралеўскай і царскай рэзідэнцыяй. А тое, пра што мы гаворым, пра месца, дзе жылі габрэі, то гэта некалькі вёсачак. Яны асядалі перадусім у вёсцы Сточак. І калі ўзяць пад увагу менавіта гэту вёску, а не ўсе, якія мы называем агульна – Белавежай, то прапорцыя прысутнасці габрэяў змяняецца. Яна значна вышэйшая. Гэта па-першае. Па-другое, гэта супольнасць развівалася. Яна не была маргінальнай. З года ў год яна была больш актыўнай. Яны ж пабудавалі і сінагогу ў пачатку ХХ стагоддзя. Перад самай вайной пабудавалі вялізную школу. Гэта быў буйны комплекс: сінагога, школа, лазня. Таму ўсё гэта паказвае, што гэта была даволі істотная сацыяльная група.

Праца па стварэнні віртуальнага музея ў інтэрнэце не скончана – яна толькі пачынаецца.

Гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя