У Полацку пакажуць невядомы партрэт Міцкевіча



Прэзентацыя работы вядомага беларускага жывапісца Івана Фаміча Хруцкага „Партрэт А. Міцкевіча” адбудзецца 18 траўня ў Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове.

Адам Міцкевіч

Размова ідзе пра палатно, якое было знойдзена ў Полацку ў 2010 годзе. У фондах Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка ў складзе калекцыі жывапісных і графічных работ праўнучкі жывапісца Ядвігі Мацяеўскай (захоўваецца ў фондах з 1997 года) быў знойдзены партрэт пэндзля самога Івана Хруцкага. І вось у Дзень музеяў пасля праведзеных навуковых даследаванняў палатна і рэстаўрацыі карціна будзе прадстаўлена гледачам. Выстаўка будзе праходзіць толькі пяць дзён – з 18 па 22 мая.

У музеях Беларусі, Расеі, Украіны, Літвы і Польшчы цяпер захоўваецца больш за 100 палотнаў Івана Хруцкага.

Выдатны беларускі мастак-партрэтыст, майстар нацюрморта і пейзажа Іван Хруцкі нарадзіўся ў Віцебскай губерні ў 1810 годзе. 200-годдзе з дня яго нараджэння было ўнесена ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА.