Дэмакратычных актывістаў перад выбарамі забіраюць у войска



Ужо другі грамадскі актывіст з Лунінецкага раёну Віталь Каратыш атрымаў позву на ваенныя зборы ў армію. Ён таксама збіраўся ўдзельнічаць у выбарах у Палату прадстаўнікоў у якасці кандыдата ад дэмакратычнага блоку.

K200023668 (1)

Перыяд прызыву супадае з падрыхтоўкай да выбараў. Не дапамагла Віталю і  просьба адтэрмінаваць прызыў у сувязі з тым, што ягонай дачцы ўсяго 2 месяцы, і жонцы патрэбна яго дапамога:

– Прызначаны тэрмін з 31 траўня да 26 чэрвеня. Хоць ёсць яшчэ тэарэтычная магчымасць на месяц мяне затрымаць.

Віталь Каратыш упэўнены, што гэта палітычна матываваны прызыў:

– Мяне ў 2008 годзе аналагічным чынам падчас маёй выбарчай кампаніі прызвалі ў армію. Такім чынам яны спадзяваліся, што пазбавяцца маёй актыўнасці. Гэтым разам нічога новага не прыдумалі, як паўтарыць гэтую самую аферу. Выбег лейтэнант і казажа, што шукае Каратыша і Дубаносава, няхай без чаргі заходзяць. Тое, што нашыя прозвішчы гучаць разам, што запрашаюць без чаргі, насцярожвае.

Каратыша і Дубаносава накіроўваюць разам на Бронную Гару, дзе знаходзіцца арсенал ракет і боепрыпасаў для іх перагрузкі, разгрузкі і дэзактывацыі.

Падчас выбарчай кампаніі ў 2008 годзе Віталь Каратыш менавіта ў сваёй дзвюхтысячнай вёсцы Кажан Гарадок, нягледзячы на падтасоўкі, атрымаў сур’ёзную перамогу.

* * *

Грамадскага актывіста з Мікашэвічаў Леаніда Дубаносава прызываюць на ваенныя зборы ў армію.

dscn9542

Пры гэтым улады ад радасці праявілі да актывіста незвычайную ўвагу пры ўручэнні позвы, кажа Леанід Дубаносаў:

– Прынеслі позву супрацоўнік гарвыканкама, начальнік міліцыі, тры міліцыянты. Усё здымалі на відэакамеру. Уручалі як самаму лепшаму жыхару Мікашэвічаў! Увогуле, позву даюць паштальёну, і той прыносіць адрасату. А мне ж уручылі з пашанаю, шкада, што музыкі не было і хлеба-солі.

На думку Леаніда Дубаносава, улады Лунінецкага раёна рыхтуюцца да выбараў. Такім чынам яны зачышчаюць выбарчае поле ад непажаданых кандыдатаў, якія карыстаюцца папулярнасцю ў насельніцтва. Дубаносаў збіраецца балатавацца ў якасці кандыдата ў дэпутаты ад дэмакратычных сіл на выбарах у Палату прадстаўнікоў.

Беларускае Радыё Рацыя, Мікашэвічы

Фота media-polesye.by і arche.by