Найстарэйшы ў свеце кулік-марадунка жыве на Тураўскім лузе
Найстарэйшы ў свеце кулік-марадунка жыве ў Беларусі, паведамілі ў грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ).
На станцыі кальцавання птушак у Тураве 13 мая падчас вячэрняй праверкі пастак быў знойдзены кулік-марадунка. «Гэтая птушка для Беларусі рэдкая (у Тураве гэтаму віду нават усталяваны помнік). Але менавіта гэтая асобіна стала, мабыць, самай рэдкай: на птушцы аказалася колца 17-гадовай даўніны. Гэта робіць птушку самай старой у свеце марадункай», — адзначылі ў АПБ. За сваё жыццё яна праляцела каля 200 тыс. км. Да гэтага вядомы максімум складаў 16 гадоў, птушку адзначалі ў Фінляндыі.
Супрацоўнікі НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі, якія праводзяць сезон на станцыі кальцавання, паднялі паперы і старыя запісы. Аказалася, што гэтая марадунка была акальцаваная птушанём на лузе каля вёскі Запясочча 21 чэрвеня 1999 года. Наступныя сустрэчы з арнітолагамі адбыліся ў час пераадловаў у 2005 і 2011 гадах. Чацвёртая сустрэча прыйшлася на май 2016-га і зрабіла птушку найстарэйшай марадункай свету.
Куліка-марадунку на гнездаванні можна сустрэць ад Фінляндыі да Чукоткі. Зімуюць птушкі ва ўсходняй Афрыцы.