«Школа маленькіх балванчыкаў»



Слова «савецкі піянер» спараджае шмат рэфлексіяў, алюзій і асацыяцый: чырвоныя гальштукі, горны з барабанамі, карацей – «Взвейтесь кострами!..»

19 траўня савецкая піянерская арганізацыя адзначыла б чарговы дзень народзінаў пры ўмове, калі б Савецкі Саюз яшчэ існаваў. Аднак ж у сучаснае Беларусі існуе свая «піянерыя», якая шмат у чым змалпаваная з савецкай.

Якой была піянерская арганізацыя ў СССР? Чаму структура савецкіх піянераў так нагадваў вайсковую? Чым пагражала выключэнне з піянераў? Ці патрэбныя піянеры ў сучаснае Беларусі?

Наш карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з Ірынай Канстанцінаўнай Івановай, якая была піянеркай яшчэ за часамі Сталіна.

Ірына Іванова: Савецкі саюз быў таталітарнай дзяржавай. І дзетак ад самога маленства выхоўвалі ў адпаведным рэчышчы. Спярша школьнікаў прымалі ў акцябраты, з трэцяга класа — у піянеры. Прыём у піянеры быў абстаўлены ўрачыста і пампезна. Рабілася гэта зазвычай падчас якога-небудзь савецкага свята — Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, напрыклад. Піянерам навязвалі чырвоныя гальштукі, а тыя, у сваю чаргу, давалі ўрачыстую клятву. Увогуле, піянерская арганізацыя за савецкім часам будавалася так. Нізавы ўзровень – «звяно», камандзір звяна насіў на школьнай форме адну палоску. Чатыры звяны аб’ядноўваліся ў атрад, звычайна гэты быў школьны клас. Камандзір піянерскага атраду насіў на форме, адпаведна, дзве палоскі. А вышэй за яго быў школьны штаб дружыны…

РР: Вы гаворыце: «атрад», «штаб»… Нейкі мілітарны падзел, амаль войска!

Ірына Іванова: Падобна, што так. Старшыня штаба дружыны насіў ужо тры палоскі на рукаве, гэты была вельмі важная ў школе персона!

РР: Гэта нагадвае знакі адрознення савецкіх вайскоўцаў, прынятыя да вайны: «трохкутнікі» у пятліцах, «кубікі», «шпалы», «ромбы»…

Ірына Іванова: Я таксама была старшынёй штаба атрада і тыя палоскі насіла. Але піянерскае начальства не любілі: калі вярталася дахаты, хлопцы звычайна з маёй формы тыя палоскі зрывалі, і прыходзіла я дамоў заплаканая… За сталінскім часам піянеры рэгулярна праводзілі «лінейкі». Спачатку гучаў гімн СССР, потым усе старшыні штабоў атрадаў давалі справаздачы… Астатнія стаялі і слухалі.

РР: Напачатку ў савецкіх, у тым ліку і беларускіх піянераў, быў заклік: «Да барацьбы за справу Леніна-Сталіна будзь гатовы!» і адпаведны адказ: «Заўсёды гатовы!» А потым Сталін з таго закліку знік…

Ірына Іванова: Натуральна, героі мяняліся разам з курсам партыі. Спачатку героя маглі прызначыць, а потым таго ж героя маглі прызначыць ужо «ворагам народа» ці хаця б антыгероем. Добра памятаю, як усе мы ледзьве не маліліся на «першага чырвонага афіцэра» Клімента Яфрэмавіча Варашылава. А потым Варашылаў стаў «сябрам антыпартыйнай групоўкі» і яго імгненна прызначылі антыгероем.

РР: Адной з мэтаў савецкай піянерскай арганізацыі было «выхаванне любові да Радзімы». Што мелася пад той «Радзімай»?

Ірына Іванова: Натуральна, лічылася, што «наша Родина – СССР, от Бреста до Курил». Слова «Беларусь» нават не ўжывалася – хіба што зрэдку, і тое як «БССР».

РР: А ў піянеры прымалі ўсіх?

Ірына Іванова: Усіх. Быў такі лозунг: «Пионер – всем ребятам пример!» Але з піянераў маглі і выключыць – за кепскія паводзіны, напрыклад…

РР: Але ж былі і дзеткі «ворагаў народу», чые бацькі тады сядзелі ў лагерах. Былі дзеткі расстраляных. Іх таксама прымалі?

Ірына Іванова: У піянеры прымалі абсалютна ўсіх. У тым ліку – і дзетак «ворагаў».  Бо такім чынам хацелі іх перавыхаваць. Але ж да такіх, вядома, прыглядаліся… Па сутнасці, савецкая піянерская арганізацыя была выхаваннем маленькіх балванчыкаў. Нас не вучылі самастойна думаць і разважаць. Нас усіх рабілі аднолькавымі. Выхоўвалася палымяная любоў да камуністычнай партыі і таварыша Сталіна, а таксама лютая нянавісць да ўсяго заходняга: «гнілога капіталістычнага мастацтва», напрыклад, таго ж джазу… Хаця якое за сталінскім часам магло быць «гнілое заходняе мастацтва»? Ды мы яго ў вочы не бачылі ў 1948 годзе!

РР: Цяперашняя піянерская арганізацыя ў Беларусі практычна змалпаваная с савецкай. На ваш погляд – яна ўвогуле патрэбная?

Ірына Іванова: На мой погляд, гэта нейкая нязграбная пародыя на савецкую піянерскую арганізацыю. Сучаснаму падлетку абсалютна нецікавыя ані іх ідэалогія, ані ўсе гэтыя савецкія сімвалы. Патрыятызм нельга выхаваць з прымусу. Патрыятызм трэба выхоўваць у павазе да памяці Дзядоў, да свайго краю і да ўсяго беларускага.

РР: Калі ўлада ў Беларусі зменіцца, то і беларуская піянерская арганізацыя, і БРСМ, якія існуюць коштам падаткаплацельшчыкаў, напэўна перастануць існаваць. Як вы думаеце, калі скончыцца дзяржаўнае фінансаванне, ці застануцца іх прыхільнікі казённага патрыятызму?

Ірына Іванова: Можа, і застануцца… Але толькі нейкія адзінкі.

Акрамя Беларусі, піянерскія арганізацыі пры дзяржаўнае падтрымцы існуюць у Венесуэле, Лаосе, В’етнаме, Кітаі, на Кубе, а таксама ў Паўночнай Карэі.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя