Над Славянскам узнялі дзяржаўны сцяг Украіны (дапоўнена)



Украінскія вайскоўцы цалкам кантралююць Славянск і Краматорск. У гэтых населеных пунктах пачынаюць аднаўляць інфраструктуру: пастаўляюць прадукты, пітную ваду ды іншую гуманітарную дапамогу. Таксама пачаўся працэс, звязаны з вырашэннем праблемаў з выплатай пенсій, стыпендый, заробкаў, – сказаў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка:

– Я даў даручэнне, каб пачала працу служба аднаўлення энерга- і водазабеспячэння для нармальнага жыцця ў горадзе. Таксама неадкладна будуць выдадзены людзям пенсіі, стыпендыі і іншыя дзяржаўныя выплаты. Аддаў загад прыступіць да аднаўлення інфраструктуры, прывесці ў парадак школы. 1-га верасня дзеці абавязкова павінны пайсці ў адрамантаваныя класы. Пацвярджаю абавязкі дзяржавы ў аднаўленні жылля, зруйнаванага з-за дзейнасці тэрарыстаў.

Тым часам на Данеччыне працягваюцца ўзброеныя сутычкі сепаратыстаў з украінскімі вайскоўцамі. Каля Марыупаля былі заўважаныя два беспілотнікі, адзін з іх быў збіты.

* * *

Горад вызвалены ад тэрарыстаў. І гэта толькі пачатак пералому ў барацьбе з баевікамі за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны – заявіў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка. Вызваленне Славянску ён назваў сімвалічнай перамогай, пачаткам вяртання да нармальнага жыцця:

– Гэта пачатак пералому ў барацьбе з баевікамі за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, за вяртанне да нармальнага жыцця Данбасу як неад’емнай часткі нашай вялікай, моцнай еўрапейскай краіны. Я ўжо аддаў усе неабходныя загады, якія тычацца гуманітарнай дапамогі жыхарам Славянска і іншых населеных пунктаў, якія яе патрабуюць.

Прэзідэнт Парашэнка адзначыў, што ў Славянску вызвалены ўкраінскія вайскоўцы, якіх тут утрымлівалі, у баевікоў забралі вялізную колькасць зброі, а мірныя жыхары сабраліся на спантанны мітынг у падтрымку ўкраінскіх вайскоўцаў. Таксама з’явілася інфармацыя пра вызваленне горада Краматорска.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота from-ua.com