Палякі Гародні хочуць вучыць родную мову бясплатна



У Гародні стартавала інфармацыйная акцыя „Uczmy się polskiego!”. Яе ініцыятарам з’яўляецца старшыня галоўнай рады непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў Анжаліка Борыс. Галоўная мэта акцыі – распаўсюд сярод жыхароў горада над Нёманам інфармацыі аб магчымасцях вывучэння польскай мовы ў дзяржаўных школах.

F5BB2C62-8C20-4015-953C-AC2AF20110C4_mw1024_s_n

Гэта магчымасць паводле беларускай Канстытуцыі гарантуецца безаплатна. Многія грамадзяне не ведаюць пра гэта і аддаюць дзяцей на платныя курсы па вывучэнні польскай мовы замест таго, каб патрабаваць ад адміністрацыі школьных установаў забяспечыць безаплатнае навучанне.

На думку старшыні галоўнай рады Саюза палякаў Анжалікі Борыс,  такая сітуацыя склалася ў сувязі з непрыязнымі адносінамі ўладаў да палякаў на Беларусі:

– Сітуацыя з польскімі школамі з’яўляецца адлюстраваннем палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Саюз палякаў, які змагаўся, ствараў, будаваў тут польскія школы, зараз непрызнаецца ўладамі і не можа існаваць афіцыяльна. Польскае школьніцтва выціснута з дзяржаўнай сістэмы адукацыі.

Да ўдзелу ў акцыі  „Uczmy się polskiego!” далучылася больш за трыццаць валанцёраў. Яны будуць распаўсюджваць сярод гарадзенцаў інфармацыю пра безаплатную магчымасць вывучэння польскай мовы для  дзяцей у дзяржаўных школах. Акцыя будзе адбывацца на працягу лета. Яе арганізатары не выключаюць, што ў будучыні ахопяць і іншыя рэгіёны краіны, густа населеныя прадстаўнікамі польскай меншасці.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня