Вячаслаў Сіўчык: 10 гадоў на пасадзе – гэта аптымальна



Былы лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык распавядае пра неабходнасць зменаў у любым кіраўніцтве, а таксама пра тое, што не ўдалося зрабіць арганізацыі.

Як ужо паведамлялася, выканаўцам абавязкаў старшыні руху салідарнасці «Разам» абраны былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч. Адпаведнае рашэнне было прынятае днямі на II з’ездзе арганізацыі, якая ў Беларусі дзейнічае ў статусе аргкамітэта.

Папярэдні старшыня руху Вячаслаў Сіўчык, паведамляе прэс-служба арганізацыі, не стаў уваходзіць у новае кіраўніцтва, патлумачыўшы сваё рашэнне неабходнасцю ратацыі кадраў, без якой немагчыма развіццё.

Вячаслаў Сіўчык: Яшчэ ў мінулым годзе, калі я вярнуўся ў Беларусь з эміграцыі, паведаміў, што ў руху будуць змены. А чаму адмовіўся ад пасады? Найперш таму, што ў любой арганізацыі павінна быць замена людзей на ўсіх пасадах. У тым ліку – і кіраўніка. Акрамя таго, не забывайце, што прайшло 10 гадоў з таго моманту, як я пачаў кіраваць рухам, а гэта дастаткова вялікі тэрмін. На мой погляд, аптымальны для кіраўніцтва адным чалавекам.

РР: Як вы паставіліся да кандыдатуры Аўтуховіча?

Вячаслаў Сіўчык: Цудоўна, але я не чакаў, што яго некалькі гадзін давядзецца ўгаворваць на новую пасаду. Але ж Мікалай абраны выканаўцам абавязкаў старшыні руху, з’езд адбыўся, таму праца будзе працягвацца. Я спадзяюся, што гэтыя перамены ўдыхнуць у працу арганізацыі нешта новае і крэатыўнае.

РР: Калі звярнуцца да самакрытыкі, то што за час вашай працы не ўдалося зрабіць?

Вячаслаў Сіўчык: У нас раз-пораз проста не хапала сілаў, каб праводзіць больш акцый. Але хачу сказаць, што за тыя дзесяць гадоў, што я кіраваў рухам, арганізацыя ніколі не здрадзіла нацыянальным інтарэсам Беларусі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя