Новы смяротны прысуд у Беларусі
Гомельскі абласны суд прыгаварыў да выключнай меры пакарання — расстрэлу — жыхара Гомеля 1982 года нараджэння. Прысуд абвешчаны 19 траўня.
Мужчына абвінавачваўся на падставе адразу некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса: чч. 1, 2 арт. 166 (згвалтаванне), ч. 2 арт. 167 (гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару), ч. 1 арт. 182 (выкраданне чалавека), пп. 6, 8, 16 ч. 2 арт. 139 (забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю з мэтай схаваць іншае злачынства асобай, якая раней учыніла забойства), чч. 1, 2 арт. 205 (крадзеж).
Слуханне рэзананснай справы праходзіла ў закрытым рэжыме.
Мужчына падманным шляхам завабліваў ахвяр у свой аўтамабіль, адвозіў у гараж, гвалтаваў і забіваў. Целы жанчын ён вывозіў у лес і закопваў.
Першай ахвярай маньяка стала яго калега, 25-гадовая Алеся Панцялеева, яна была забітая ў ліпені 2014 года. Праз амаль год пры такіх жа абставінах знікла 27-гадовая Аляўціна Машурыкава. Яна таксама працавала на адным прадпрыемстве з абвінавачаным. Жанчына а шостай гадзіне раніцы выехала на працу і знікла. Яе тэлефон быў недаступны, і муж звярнуўся ў міліцыю.
Праваахоўныя органы ўстанавілі аўтамабіль, на якім Машурыкава рухалася. Падазроным аказаўся судзімы за разбой і вызвалены датэрмінова 33-гадовы гамяльчанін. У яго ёсць жонка і трохгадовае дзіця. Жанчын-калег ён прапаноўваў падвезці на працу на асабістым аўтамабілі.
Гэта ўжо трэці смяротны прысуд, вынесены ў Беларусі з пачатку 2016 года. У студзені да вышэйшай меры пакарання быў прыгавораны жыхар Вілейкі Генадзь Якавіцкі, прызнаны вінаватым у забойстве з асаблівай жорсткасцю, у лютым — жыхар Мінскага раёна Сяргей Хмялеўскі, абвінавачаны ў забойстве трох чалавек.
6 траўня стала вядома пра выкананне смяротнага прысуду ў дачыненні да жыхара Рэчыцы Сяргея Іванова, які быў асуджаны ў сакавіку 2015 года за жорсткае забойства дзяўчыны.
Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і на ўсёй постсавецкай прасторы, дзе да гэтага часу прымяняецца смяротнае пакаранне. З 1991 года да расстрэлу прыгавораныя больш за 400 чалавек, Аляксандр Лукашэнка памілаваў толькі аднаго асуджанага.