Аляксандр Бухвостаў: Рост заробкаў – рэдкая з′ява
Адзін з лідараў прафсаюзных актывістаў Аляксандр Бухвостаў мяркуе, што сёння павышэнне заробкаў у краіне хутчэй выключэнне, чым правіла.
Прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў раскрытыкаваў неабгрунтаванае павышэнне зарплаты на шэрагу дзяржаўных прадпрыемстваў, чым у тым ліку тлумачыцца «ажыўленне» інфляцыі. Гэтую праблему Кабякоў закрануў на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў, дзе разглядаліся вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця ў першым квартале 2016 года.
Паводле звестак Белстата, намінальная налічаная сярэдняя зарплата работнікаў у Беларусі ў сакавіку 2016 года склала 7 млн. 94 тыс. 521 рубель. Пры гэтым рэальная зарплата (з улікам інфляцыі) у параўнанні з сакавіком 2015 года знізілася на 3,2%. Аляксандр Бухвостаў: Мяркую, што Кабякоў меў на ўвазе, што рост заробкаў сёння павінен суадносіцца з ростам вытворчасці працы, чаго ў апошні час няма на большасці айчынных прадпрыемстваў. Можа быць, нехта займаецца прыпіскамі, а таму і заробкі павышаюцца. А ўвогуле, сёння сітуацыя ў краіне такая, што рост заробкаў – гэта рэдкая з’ява.
РР: Якія тут перспектывы?
Аляксандр Бухвостаў: Нічога радаснага няма. Няма перспектываў у эканоміцы, а значыцца і для росту заробкаў няма падстаў. Самае сумнае, што сёння многія людзі (асабліва ў рэгіёнах) трымаюцца за месцы з заробкамі ў 2,5-3 мільёны рублёў і лічаць, што гэта таксама добра. Тым часам, усе тыя абяцанкі ўладаў пра сярэдні заробак у тысячу даляраў засталіся пустым гукам. Ужо і пра 500 даляраў мала хто марыць. Людзі засталіся практычна ні з чым.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя