Microsoft фіксуе рост кіберпагроз у фінансавым сектары Беларусі



Microsoft фіксуе рост кіберпагроз у фінансавым сектары Беларусі, паведаміла БелаПАН прэс-служба беларускага прадстаўніцтва кампаніі.

хакер

Microsoft указвае, што ў сувязі з ростам колькасці кіберзлачынстваў Нацыянальны банк Беларусі выпусціў рэкамендацыі да праграмнага забеспячэння, якія дапамогуць скараціць рызыку крадзяжоў з дапамогай кібератак. Так, кліентам прапаноўваецца ўстанаўліваць ліцэнзійнае ПЗ, у тым ліку антывіруснае, міжсеткавыя экраны (фаерволы/брандмаўэры) і рэгулярна іх абнаўляць. Гэтыя меры абароняць камп’ютары і мабільныя прылады ад вірусаў, з дапамогай якіх хакеры атрымліваюць доступ да канфідэнцыйных дадзеных.

„Microsoft цалкам падзяляе пазіцыю Нацбанка наконт абароны карыстальнікаў ад кіберпагроз, — падкрэсліваецца ў прэс-рэлізе. — Выкарыстанне кантрафактнага ПЗ цягне за сабой велізарную рызыку стаць ахвярамі махлярстваў у сетцы, пра што сведчаць штогадовыя даследаванні: у працэсе пошуку, загрузкі і ўстаноўкі пірацкага праграмнага забеспячэння карыстальнік падвяргае свой камп’ютар рызыцы ў 92 выпадках са 100. У канчатковым выніку памер шкоды ад выкарыстання пірацкіх „бясплатных” копій праграм значна пераўзыходзіць выдаткі на куплю ліцэнзійных праграм”.

Паводле дадзеных Microsoft і Group-IB (кампанія па прадухіленні і расследаванні кіберзлачынстваў і махлярстваў з выкарыстаннем высокіх тэхналогій), за апошні год у краінах СНД колькасць хакерскіх груп, якія выкрадаюць сродкі ў юрыдычных асоб, узрасла на 60%, у той час як колькасць крадзяжоў у фізічных асоб павялічылася ў тры разы. У 2015 годзе была зафіксавана вялікая колькасць мэтавых нападаў на банкі, банкаматы і карыстальніцкія акаўнты, звязаных з прымяненнем дэструктыўных праграм для спісання сродкаў з банкаўскіх рахункаў.

Верагоднасць кібератак, звязаных з узломам банкаматаў, павышаецца з-за ўстаноўкі непатрэбных, а часам і небяспечных праграм. Больш за тое, у якасці ПЗ у банкаматах часта выкарыстоўваецца Windows XP, для якой Microsoft спыніў выпуск абнаўленняў яшчэ ў 2014 годзе. Інжынеры памылкова мяркуюць, што калі банкамат працуе, то і абнаўляць праграмнае забеспячэнне не варта. Без неабходных абнаўленняў сістэма становіцца ўсё больш уразлівай, адзначае Microsoft.

Найбольш папулярным відам махлярства стаў кардынг, пры якім зламыснікі выконваюць аперацыі з выкарыстаннем плацежных карт і іх рэквізітаў. Хакеры атрымліваюць доступ да карт пры дапамозе ўзлому сервераў інтэрнэт-крам, плацежных і разліковых сістэм, а таксама персанальных камп’ютараў праз праграмы аддаленага доступу, траяны і боты пры ўстаноўцы кантрафактнага ПЗ.

Заснаваная ў 1975 годзе, карпарацыя Microsoft — сусветны лідар у вытворчасці ПЗ, прадастаўленні паслуг і распрацоўцы інтэрнет-тэхналогій для персанальных камп’ютараў і сервераў.

Беларускае прадстаўніцтва кампаніі Microsoft пачало сваю дзейнасць у 2011 годзе. Яно развівае супрацоўніцтва з урадавымі ўстановамі, мясцовымі ІТ-кампаніямі, кліентамі і НДА, „каб прадастаўляць ім усе перавагі прадуктаў Microsoft, паслуг і рашэнняў”.