Аўтаспынам па ўспамінах



Кожны тыдзень я ўглядаюся ў тэлевізійны экран. Кожны тыдзень навіны БТ паказваюць мне афіцыйную версію маёй краіны. І амаль кожны раз я не магу не думаць пра тыя альтэрнатыўныя сцэнарыі развіцця, якія маглі б у нас рэалізавацца. Але ніколі не рэалізуюцца.

Вось, здаецца, просты сюжэт:

«Дзе можна паабедаць смачна, але галоўнае бяспечна? Такім пытаннем задаліся карэспандэнты Агенцтва тэленавін і адправіліся ў рэйд па прыдарожным кафэ разам са спецыялістамі. У выніку ў многіх установах пратэрмінаваныя прадукты, няправільнае іх захоўванне і адсутнасць у работнікаў меддаведак. І гэта далёка не ўвесь спіс парушэнняў. Але ж часам ад гэтага залежыць не толькі здароўе чалавека, але і само жыццё».

Месідж звыклы і зразумелы: дзяржава пра нас клапоціцца. Але за гэтым клопатам стаіць, як мне здаецца, значна больш.

Калі ва Украіне пачаўся Майдан, і ўсялякія эксперты, аналітыкі ды палітолагі схапіліся за галаву, бо ніхто з іх нічога нават блізка падобнага не прагназаваў, я ўспомніла адну даўнюю сустрэчу, як раз у прыдарожным… але то было зусім не кафэ.

У 2009 годзе мы з сяброўкай ехалі з Крыму аўтаспынам. Замучаныя, стомленыя і жудасна галодныя. Кіроўца-дальнабойнік, з якім мы ехалі, сказаў, што ведае, дзе на трасе выдатна гатуюць сапраўдную хатнюю ежу. Мы спыніліся недзе пад Кіевам ля напаўразваленага дашчанага вагончыка. Дзве загарэлыя жанчыны няпэўнага ўзросту накрылі нам стол побач з трасай, так што пясок з-пад колаў асабліва хуткіх фур замятала ў талеркі. Дзякуй Богу, што ніякія «спецыялісты» не патрабавалі ад жанчын медыцынскіх даведак. Бо гэта быў самы смачны боршч у маім жыцці. І самая смачная бульба з лісічкамі. І самы смачны кампот.

«А мы былі ў Беларусі», – сказала адна з жанчын, калі даведалася, адкуль мы. «Мы былі, у вас жыццё значна лепш. У вас вось так на трасе ніхто не стаіць. Мы бачылі». «Ха, у нас можа і стаялі б, дык ніхто не дазволіць», – тлумачыла я. «А ў нас можна», – працягвала жанчына. «У нас урад сам сабе, людзі самі сабе. Круціся, як хочаш. Выжывай, як можаш».

Мы з’ехалі. Дзве жанчыны засталіся на трасе круціцца і выжываць. Украінскія дэпутаты біліся ў Радзе, простыя людзі біліся за тое, каб проста жыць. Яны не маглі разлічваць на ўлады, і яны разлічвалі адзін на аднаго. Яны аб’ядноўваліся, наладжвалі сувязі і паступова выгадавалі тую самую грамадскую супольнасць, якая так здзівіла экспертаў у мінулым годзе.

Беларуская дзяржава клапоціцца пра грамадзян. На трасах у нас выключна сапраўдныя кафэ. У іх – супрацоўнікі з медычнымі даведкамі. Усё бяспечна. Бяспечна для наведвальнікаў гэтых кафэ – так. Але бяспечна і для дзяржавы. Майдану не будзе.

Блог праграмы “Месца для прэсы”

Беларускае Радыё РАЦЫЯ