Магія Сакрата Яновіча і Крынак працягваецца



4 верасня – дзень народзінаў Сакрата Яновіча. Госць нашай студыі – сябра выдатнага пісьменніка, мастак, прафесар Мастацкай акадэміі ў Варшаве Лявон Тарасэвіч.

DSC09155

РР: Ці не хапае ў гэты дзень сябра?

Лявон Тарасэвіч: Так, ёсць такое. Але найважнейшае – гэта ідэя. Калі хтосьці прысутнічае ў думцы, то ён існуе.

РР: Я сам часам лаўлю сябе на тым, што апісваю рэчаіснасць яго фразамі, крылатымі словамі. Ён быў майстрам вострай, дасціпнай мовы. Многія рэчы, якія дзеіліся вакол нас, апісваў якраз па-свойму. І гэта нават засталося ў літаратуры.

Лявон Тарасэвіч: Тым больш мы мелі бацькоў, сям’ю, але Сакрат спаўняў для нас ролю другога бацькі, калі гаворка ідзе пра інтэлект, пра гісторыю. Пры ім мы “сазравалі”, я маю на ўвазе беларускую свядомасць і ўсё, што з ёй звязана.

РР: Шмат больш ці менш вядомых людзей з нашага асяроддзя выйшлі пасля вайны, выдавалі кніжкі, газеты. Але ніхто не пакінуў такога выразнага следу, як Сакрат Яновіч. Адныя яго любілі, другія – не вельмі. Але замаўчаць яго было немагчыма.  Гэта быў чалавек-інстытуцыя.

Лявон Тарасэвіч: Мы былі пераходным пакаленнем. І яму належала роля такой інстытуцыі, энцыклапедыі. Кожны чалавек, які звяртаўся да яго, атрымліваў адказ. Ён заўсёды ведаў, што было і чаму.

РР: Творы пісьменніка правяраюцца часам. Так і роля яго вызначаецца з часам. Пакуль можна сказаць, што прозвішча Сакрата, месца, дзе ён нарадзіўся, з якім быў моцна звязаны – Крынкі, прыцягваюць выдатных людзей да дыскусій, розных мастацкіх, артыстычных здарэнняў. Пакуль магія Крынак, магія асобы Сакрата Яновіча дзейнічае. І ў гэтым мы маглі пераканацца як у мінулым годзе, так і ў час сёлетніх “Трыялогаў”.

Лявон Тарасэвіч: У нашым асяроддзі, у гэтым Беластоцкім краі, часта стараюцца ўсе пазітыўныя рэчы падаць у негатыўным святле. Напрыклад, тыя ж закіды пра тое, што яго дочкі не гавораць па-беларуску і іншыя дурноты…

РР: Я тут хачу трошкі патлумачыць адразу: у Сакрата няма дочак.

Лявон Тарасэвіч: Менавіта. Тое, што мы робім на сённяшні дзень у Крынках, магло б існаваць на ўзроўні польскім, еўрапейскім. Людзей цікавіць яго жыццё, творчасць, сама ідэя, таму яны прыходзяць на “Трыялогі”.

РР: Ці можна сказаць, што мы зараз пераходзім непераадольны этап, як часам можа падацца: ад  культуры фэстаў, культуры масавай і мала запатрабаванай да культуры інтэлектуальнай, да спробы шукання адказу на асноўныя пытанні: хто мы такія, куды ідзём, чаго хочам?

Лявон Тарасэвіч: Думаю, вялікай памылкай, якая толькі спыняла наша развіццё, было тое, што мы былі ізаляваны, рабілі толькі ў сваім асяроддзі. Таму тое, што прыязджаюць людзі з розных краін свету і сустракаюцца тут, для нас ёсць выйгрышам.

РР:  Дзеля абмену думкамі фонд “Villa Sokrates” актыўна ўключыўся ў фестываль “Усход культуры/Іншае вымярэнне”, які нядаўна прайшоў у Беластоку. Якраз вы ўнеслі такі інтэлектуальны зачын у гэта, працягнулі дыскусію пра беларускі міф, якая пачалася яшчэ на беларускіх “Трыялогах”. З якім міфам асабіста вы ў час дыскусіі сутыкнуліся, што вас здзівіла? І ці заўсёды міф – гэта дрэнна? Ці можна на міфах будаваць пазітыўныя рэчы?

Лявон Тарасэвіч: Трэба выказаць уголас тое, што баліць. Бо ніколі несказанае ніколі не выйдзе наверх. Яно так і застанецца мітам. А мы тым больш гэта адчулі, калі ўваходзілі ў горад як другое пакаленне.  Ведаем, якія ў Беластоку ёсць байкі і міфы пра нас. Гутарка, якая адбылася, была вельмі цікавая. Добра, што яна ўвогуле была.

DSC09157

Цалкам гутарку Лявона Тарасэвіча з Міколам Ваўранюком слухаце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя