Штрафы за салідарнасць з ІП (абноўлена)



Пяць удзельнікаў мітынгу ў падтрымку прадпрымальнікаў, які адбыўся ў горадзе Жадзіна 20 траўня, пакараныя вялікімі штрафамі.

Па словах сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Паўла Севярынца, суды ў Жодзіне чарговы раз паказалі рэпрэсіўную сутнасць беларускай улады. І адначасова засведчылі, наколкі ўлада баіцца салідарнасці грамадзянаў. Да будынку суда падтрымаць актывістаў прыйшлі каля 20 чалавек:

— Хутка адсудзілі хлапцоў, бо баяліся, што тыя людзі, якія сабраліся ля будынку суда, пачнуць скандаваць ці мітынгаваць. Там сапраўды былі людзі з Воршы, з Барысава, з Жодзіна, з Менску. Алесь Макаеў атрымаў 50 базавых, Алесь Абрамовіч — 40 базавых, Павел Пракаповіч — 25 базавых, Павел Старавойтаў і Міхась Латышаў — па 15 базавых велічыняў. Паводзілі яны сябе вельмі годна і вельмі мужна: у адкрытую казалі, што краінай кіруе мафія, а суддзя рабіў выгляд, што нічога не чуў.

Па словах Паўла Севярынца, арышты адбыліся ў час візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Італію, ягоных сустрэчаў з прэзідэнтам гэтай краіны і з Папам Рымскім. Таму арышты і суды ў Жодзіне можна назваць дэманстратыўнымі.

***

Пратаколы аб удзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве (арт.23.34 КаАП) былі складзеныя на 6 актывістаў, затрыманых у суботу на мітынгу салідарнасці з прадпрымальнікамі, паведамляе  spring96.org.

Грамадскія актывісты і прадпрымальнікі Алесь Макаеў, Павел Пракаповіч, Павел Старавойтаў і Міхась Латышаў былі да суда ўзятыя пад варту і правялі выхадныя ў ізалятары часовага ўтрымання. Яшчэ адзін удзельнік мітынгу — Алесь Абрамовіч — па стане здароўя быў адпушчаны да суда дадому. Таксама сёння будуць судзіць Івана Помаза.

Як ужо стала вядома, Макаева пакаралі штраф у памеры 50 базавых велічынь (10,5 млн беларускіх рублёў), Абрамовіча — 40 (8,4 млн), Пракаповіча — 25 (5,25 млн), Латышова і Старавойтава — 15 базавых велічынь (3,15 млн).

Падтрымаць актывістаў у Жодзіна прыехала вялікая група актывістаў з Менска. У іх ліку Павел СевярынецМікола АўтуховічВячаслаў Сіўчык ды яшчэ больш за 10 актывістаў.

* * *

Сёння, 23-га траўня, у Жодзіне будуць судзіць Алеся Макаева, Паўла Пракаповіча, Алеся Абрамовіча, Івана Помазава, Міхаіла Латышава і Паўла Старавойтава, затрыманых за акцыю салідарнасці з прадпрымальнікамі. Яны былі затрыманыя 21 траўня на гарадскім рынку падчас мітынгу.

Павел Севярынец заклікае беларусаў прыехаць на суд у Жодзіна і падтрымаць затрыманых актывістаў .

* * *

У горадзе Жодзіне Менскай вобласці затрыманы 4 грамадскіх актывіста, якія  ўдзельнічалі ў мітынгу салідарнасці з прадпрымальнікамі. Як нагадаў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская  Хрысціянская дэмакратыя Павел Севярынец, два падобныя мітынгі ўжо прайшлі ў Барысаве і Маладэчне. Наступныя запланаваны ў Воршы – 31-га траўня і ў Баранавічах – 4-га чэрвеня.

А 21-га траўня мітынг павінен быў адбыцца ў Жодзіне. Некалькі актывістаў аргкамітэту па стварэнні прафсаюзу „Салідарнасць” пачалі яго на мясцовым кірмашы:

– Узяўшы мегафон яны прайшліся па гандлёвых радах. Па загадзе кіраўніцтва мясцовай міліцыі іх затрымалі. На месцы быў аформлены пратакол на Івана Помаза, Алеся Абрамовіча забралі ў машыну, а чатырох астатніх павялі пад канвоем у гараддзел міліцыі Жодзіна.

На іх складзены пратаколы аб ўдзеле ў несанкцыянаваным мерпрыемстве. У выніку грамадскія актывісты Алесь Макаеў, Павел Пракаповіч, Павел Старавойтаў і  Міхась Латышаў пакінуты пад арыштам да суду, які павінен адбыцца ў панядзелак 23-га траўня. Толькі жыхар Жодзіна Алесь Абрамовіч быў адпушчаны па стане здаро’ўя. У міліцыі адмовіліся ўзяць  харчовыя перадачы для затрыманых, – адзначыў Павел Севярынец.

Ён таксама падкрэсліў, што арышты адбыліся падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Папам Рымскім. „Таму тое, што адбылося ў Жодзіне – гэта дэманстратыўны плявок ў твар тым еўрапейцам, якія спадзяваліся на лібералізацыю ў Беларусі і канешне ж, плявок у твар беларусам,” – сказаў Павел Севярынец.

Беларускае Радыё Рацыя