Таццяна Зялко: Мы – народ церпялівы, але да часу



«Альтэрнатывы падвышэнню пенсійнага ўзросту ў існых дэмаграфічных умовах няма». Такое меркаванне выказала афіцыйнаму агенцтву БелТА сацыёлаг Таццяна Гаплічнік. Па яе словах, пенсійны ўзрост 55 гадоў для жанчын і 60 гадоў для мужчын быў усталяваны шмат дзесяцігоддзяў таму зусім у іншых дэмаграфічных умовах. Тады  сярэдняя працягласць жыцця была значна ніжэйшай, чым цяпер, ды і ўмовы працы былі зусім іншымі.

«Калі зыходзіць з салідарнасці пакаленняў, то захаванне такога пенсійнага ўзросту было б несумленным і ў адносінах да працуючых, і ў адносінах да „маладых” пенсіянераў”, – патлумачыла Таццяна Гаплічнік.

Старшыня грамадскага аб’яднання пенсіянераў «Наша пакаленне» Таццяна Зялко лічыць, што найперш трэба было б скараціць апарат сілавікоў і чыноўнікаў, тады і падвышаць пенсійны ўзрост не спатрэбілася б:

– Сёння можна было б вырашыць гэтую праблему без падвышэння ўзросту мінімізацыяй выдаткаў, і паглядзець на чыноўнікаў і сілавікоў, якіх можна скараціць на 2/3. Але Лукашэнка баіцца гэта рабіць, бо гэта ягоная апора. І таму ён пра гэта нічога не кажа. Тое, што адбываецца – спружына. Так, ён яе сціскае, так, павольна. Так, мы народ церпялівы. Але нічога вечнага ў гэтым свеце няма.

Аляксандр Лукашэнка 11 красавіка падпісаў указ №137 „Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння”.  Дакумент накіраваны на ўдасканаленне пенсійнага забеспячэння ў новых сацыяльна-дэмаграфічных умовах. Указам прадугледжваецца з 1 студзеня 2017 года паэтапнае штогадовае падвышэнне на 6 месяцаў пенсійнага ўзросту да дасягнення мужчынамі 63 гадоў, жанчынамі – 58 гадоў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя