Ці прыедзе Папа ў Беларусь?



У мінулыя выходныя, 21 траўня, Папа Францішак прыняў у Апостальскім Палацы прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку. Яны абмяняліся падарункамі, размаўлялі пра дачыненні дзяржавы з Каталіцкім касцёлам у Беларусі, а беларускі кіраўнік запрасіў пантыфіка наведаць Беларусь.

Раней у беларускага кіраўніка былі размовы з прэзідэнтам Італіі Серджыё Матарэлам ды іншымі афіцыйнымі прадстаўнікамі Італіі.  Гэтая краіна традыцыйна ўваходзіць у лік асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі сярод краін па-за СНД, хаця цягам двух апошніх гадоў таварааброт скараціўся. Лукашэнка, як заўсёды, ставіў націск на эканамічныя справы. „Мы вас запрашаем у Беларусь. Мы можам рэанімаваць нашы дамоўленасці пра стварэнне прамысловай зоны ў Берасці,” – заявіў Лукашэнка ў час размовы з прадстаўніком італьянскага МЗСа.

У суботу беларускі кіраўнік сустрэўся у Апостальскім Палацы з Папам Францішкам. Як паведаміла афіцыйнае агенцтва БЕЛТА, сустрэча доўжылася 40 хвілін і прайшла ў вельмі цёплай і сяброўскай атмасферы. Лукашэнка паднёс у дар пантыфіку копію крыжа Еўфрасінні Полацкай і мадэль карэты, выкананай паводле ўнікальнай тэхнікі разьбы па дрэве, а таксама галаграфічную ікону. Як адзначыў прэзідэнт, гэты абраз злучае ў сабе гісторыю і сучаснасць. Папа Францішак, у сваю чаргу, падарыў прэзідэнту Беларусі тры напісаныя ім дакументы пра Евангелле, ахову прыроды і сям’і. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў азнаёміцца з іх зместам і затым перадаць іх на захоўванне ў Прэзідэнцкую бібліятэку. Папа падкрэсліў мірную місію, якую ўзяла на сябе Беларусь. «Менск можа быць месцам міру», – сказаў ён. У завяршэнні сустрэчы прэзідэнт Беларусі запрасіў  пантыфіка прыбыць з візітам у Беларусь. «Прыязджайце да нас. Вы атрымаеце столькі сіл і здароўя, колькі ні ў адной кропцы свету», – сказаў ён. Ці абяцаў Папа прыехаць у Беларусь – не паведамляецца. Графік яго замежных паездак плануецца нашмат раней. Ды і у маштабах усяго каталіцкага Касцёла Беларусь займае вельмі спіплае месца.

Лукашэнка заўсёды хацеў пакарыстацца аўтарытэтам Рымскага Папы, хто б ім не быў. З дапамогай Ватыкана ён хацеў нармалізаваць  напружаныя дачыненні з Захадам. Калі яго нідзе не прымалі, Папа не глядзеў на ніякія санкцыі. Гэта даўняя стратэгія Ватыкана, каб глядзець далей. Шчырасць Лукашэнкі ў выпадку запрашэння Папы ў Беларусь не падлягае сумневу. Аднак сам факт запрашэння выклікаў шэраг каментароў, ці было гэтае запрашэнне ўзгодненае з Патрыярхам Кірылам. Папа, як правіла, не едзе ў ніводную краіну толькі па запрашэнні свецкіх уладаў, але і да мясцовых каталікоў, пры тым абавязкова са згоды дамінуючай канфесіі, у дадзеным выпадку – Беларускай Праваслаўнай Царквы. Вядома, яна з’яўляецца часткай Рускай Праваслаўнай Царквы. З другога боку, пасля сустрэчы Патрыярха Кірыла з Папам Францішкам на Кубе яны абодва заявілі пра гатоўнасць працягваць падобныя сустрэчы ў іншых месцах. Беларусь была б проста ідэальным месцам для такой сустрэчы. З другога боку, у самой Расеі не ўсе абрадаваліся гэтай кубінскай сустрэчы. У самой РПЦ ёсць такія сілы, якія экуменізм лічаць “ерассю”, а сустрэчу Патрырха Кірыла з пантыфікам назвалі ледзь не “здрадай” праваслаўю. Калі, аднак, Партыярх не надта пераймаецца думкай царкоўных маргіналаў, калі ў яго шчырае жаданне збліжэння з Ватыканам перад аблічам шэрагу пагрозаў для ўсяго хрысціянства, то ён не можа быць супраць прыезду Папы ў Беларусь. Гэта была б абсалютна гістарычная падзея для беларускіх каталікоў, вялікі гонар для іх і палепшыла б іхнае становішча ў самой Беларусі.

Усё ж, калі ўлічыць узрост Папы, яго занятасць, яго прыярытэты, візіт у Беларусь падаецца мала верагодным. Прынамсі гэтага Папы, хіба, што сапраўды гэты візіт быў бы разлічаны на падтрыманне дыялогу з Патрыярхам Кірылам.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ