24 траўня – суды над удзельнікамі Устаноўчага сходу
Справы чатырох удзельнікаў Устаноўчага сходу Беларускага нацыянальнага кангрэса будуць разгледжаныя раніцай 24 траўня ў розных судах сталіцы, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.
Усе працэсы пачнуцца а 9-й гадзіне. Суд Фрунзенскага раёна разгледзіць справу актывіста кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Максіма Вінярскага, суд Цэнтральнага раёна — актывіста Юрыя Лукашэвіча.
Заўтра за ўдзел у акцыі будуць судзіць першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча (суд Цэнтральнага раёна) і лідара руху „За дзяржаўнасць і незалежнасць” Уладзіміра Някляева (суд Ленінскага раёна).
Паводле звестак праваабаронцаў, пратаколы за ўдзел ва Устаноўчым сходзе Беларускага нацыянальнага кангрэса складзеныя ў дачыненні больш чым 20 чалавек. Сярод іх арганізатар акцыі Мікалай Статкевіч, актывісты Вячаслаў Сіўчык, Леанід Кулакоў і Сяргей Мацкойць, кіраўнік прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч. Даты разгляду іх спраў пакуль невядомыя.
Рашэнне правесці кангрэс 15 траўня на адкрытым паветры было прынятае пасля таго, як аргкамітэт не змог арандаваць памяшканне.
На 28 траўня запланаванае правядзенне першага пасяджэння Савета кангрэса, да якога перайшлі паўнамоцтвы ад аргкамітэта.
Фота svaboda.org