Беларускія арнітолагі запрашаюць назіраць за птушкамі ў інтэрнэце
Арнітолагі з Беларусі запрашаюць назіраць за птушкамі не толькі за вакном, на гарадскіх вуліцах ды парках, але таксама сачыць за жыццём птушак у інтэрнэце. цяпер праз прамую трансляцыю ў сеціве можна пабачыць жыццё сокала-пустальгі ў Берасці. Кажа рэдактар сайта «Птушкі Штодня», Зміцер Вінчэўскі:
— У нашай краіне гэта адзіная магчымасць 24 гадзіны ці ў любы момант зайсці вось так анлайн: з мабільнага тэлефону, з кампутара і назіраць за жыццём дзікіх птушак: што ў іх там адбываецца: як яны жывуць, калі ў іх будуць птушаняты, як яны іх будуць выхоўваюць, што будзе адбывацца ў наступныя тыдні, месяцы. Мы можам назіраць разам не толькі з беларусамі, якіх на нашым сайце усё больш, але і з людзьмі з усяго свету.
Аматараў актыўнага назірання за птушкамі гарадзенскія арнітолагі два разы на месяц запрашаюць паехаць паназіраць за птушкамі рэгіёна.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня