Пінск пачынае адзначаць “Дажынкі-2014”



Пінск пачынае адзначаць фестываль-кірмаш “Дажынкі-2014”. Старт урачыстым мерапрыемствам будзе дадзены адкрыццём выставы ў Музеі Беларускага Палесся. Святочная праграма распісана на тры дні, галоўным дёнм святкавання стане субота.

Менавіта 6 верасня ўзнагародзяць лепшых супрацоўнікаў аграрнага комлексу вобласці. Да “Дажынак-2014” сталіцу Палесся рыхтавалі з вясны.

Асноўную ўвагу надалі цэнтральным вуліцам. Пінскі чалец Партыі БНФ, экс-кандыдат у Берасцейскі аблсавет Андрэй Кахнюк адзначае, што вельмі заўважны кантраст:

– Кантраст: тут новенькая плітка, а паўметры – і “наступствы вайны” – груба кажучы. Што гэта такое? Кавалак каля плошчы Кірава заклалі пліткаю, плітка заканчваецца і там пачынаецца асфальт сярэдзіны 80-ых.

На думку яшчэ аднаго экс-кандыдата ў Берасцейскі аблсавет Вадзіма Макеева горад рады любым абнаўленням, бо пінчане чакалі іх даўно:

– Гораду была патрэбная рэканструкцыя. Яшчэ з савецкіх часоў горад глабальных зменаў не перажываў. Жыхары спадзяюцца, што пасля “Дажынак” працы будуць спыненыя хутчэй, каб атрымаць асалоду ад тых зменаў, якія адбылся ў горадзе

Мясцовыя ўлады пацвярджаюць факт аб працягу рамонтных прац і пасля аграрнага фэсту. “Дажынкі” сталі штуршком для маштабных пераменаў у Пінску.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя