Рэканструкцыя, якая знішчыць гістарычны цэнтр Гомеля
Гомельскія актывісты атрымалі адказы з некалькіх дзяржаўных органаў, якія пацвярджаюць незаконнасць рэканструкцыі плошчы Леніна. Адміністрацыя палацава-паркавага комплексу і пракуратура Гомеля прытрымліваюцца пазіцыі, што пабудова трох падземных пераходаў нанясе шкоду ахоўнай зоне каля палаца Румянцавых-Паскевічаў. Перапіску з дзяржаўнымі органамі вядзе гісторык Марыя Булавінская:
– Мы перапісваліся з гарвыканкамам, пракуратурай Гомеля, з адміністрацыяй дварцова-паркавага ансамбля. Яны пацвердзілі, што будаўніцтва падземных пераходаў на плошчы Леніна супярэчыць дзейснаму заканадаўству, у прыватнасці, Праекту ахоўных зон дварцова-паркавага ансамбля. Будаўніцтва ў такой зоне любых аб’ектаў забараняецца.
Марыя Булавінская непакоіцца, што ў выніку рэалізацыі прапанаванага ўладамі праекта рэканструкцыі плошчы гараджане сталага веку, інваліды і бацькі з дзіцячымі вазкамі будуць мець праблемы з доступам у гарадскі парк. Будаўніцтва трох падземных пераходаў зробіць немагчымым аднаўленне страчаных гістарычных будынкаў, падмуркі якіх знаходзяцца якраз пад праезнай часткай плошчы Леніна.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота korsart.livejournal.com