Манастыр Козья – сярэднявечны праваслаўны асяродак Румыніі
Румынія – гэта краіна шматлікіх храмаў і манастыроў. У некаторых мясцовасцях культавыя пабудовы размешчаны літаральна праз пару соцень метраў адна ад адной. Вандроўніка несумненна ўразіць не толькі колькасць святыняў, але і іх гістарычная і культурніцкая якасць.
Адно з сама ўражвальных месцаў сярод больш чым 400 манастыроў – праваслаўны манастыр Козья. Размешчаны ён на правым беразе ракі Олт у перадгор’і Паўднёвых Карпатаў, непадалёк гораду Рымніку-Вылча. Заснаваны асяродак быў ў канцы 14-га стагоддзя валашскім валадаром Мірчам Старым. У 1386-89 гадах быў збудаваны храм Святой Тройцы. Гэта адзін з выдатнейшых помнікаў румынскай сярэднявечнай архітэктуры. Доўгі час ён быў узорам культавага дойлідства.
У адной з частак галоўнага храма захаваліся пачатковыя роспісы ў палеолагскім стылі, якія датуюцца ажно 1391 годам. Цяпер Козья – мужчынскі манастыр. Цікавая асаблівасць манастыра – на яго тэрыторыі ёсць адмысловая капліца, дзе ставяцца свечкі за здароўе і супакой. Прычым ставяцца яны ў ваду. А перад галоўным уваходам Троіцкай царквы фантан-калодзеж з крыжам, куды паломнікі і вандроўнікі кідаюць манеты, а часам і купюры. Знайшла сваё месца ў манастырскай вадзе і беларуская банкнота.
[Not a valid template]
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара