У Бельску абмеркавалі стан культуры
У Бельскім доме культуры адбылася сустрэча «Сядзь у цягнік», падчас якой прадставілі вынікі даследавання патрэбаў ды ідэяў жыхараў горада ў галіне падтрымкі культуры.
У рамках праекта «Культурніцкі цягнік. Прыпынак: Бельск Падляшскі» праходзіла серыя дэбатаў, у час якіх каардынатары з Бельскага дома культуры сустракаліся з жыхарамі дзеля азнаямлення з культурніцкімі запатрабаваннямі ў горадзе.
“Дзякуючы гэтым сустрэчам, мы мае прагноз датычна таго, якіх культурніцкіх ініцыятыў чакаюць жыхары горада,” – кажа адзін з вядучых праекта «Культурніцкі цягнік. Прыпынак: Бельск Падляшскі» Марэк Троц:
– У нас ёсць тры сферы, у якіх жыхары Бельска хочуць, каб было больш ініцыятыў. Па-першае, гэта кіно, якое прыязджае да нас раз на два-тры месяцы. Як паказалі даследаванні, гэтага мала для нас. Па-другое, гумарыстычныя мерапрыемствы, каб іх праводзілі. І па-трэцяе, гэта адкрытыя канцэрты, на якіх выступалі б зоркі.
Падчас сустрэчы «Сядзь у цягнік» таксама быў абвешчаны конкурс лакальных культурніцкіх ініцыятыў індывідуальных асоб і нефармальных груп. Праекты можна складаць да 16 чэрвеня ў Бельскім доме культуры.
Праект «Культурніцкі цягнік» фінансуецца Нацыянальным цэнтрам культуры, падрабязнасці можна знайсці на сайце Бельскага дома культуры.
[Not a valid template]
Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Бельск
Фота аўтара