Ці прымуць у Беларусі нацыянальны план актыўнага даўгалецця?



Рэзалюцыя міжнароднай канферэнцыі па пытаннях старэння, якая адбылася ў Гародні ў красавіку, заклікае кіраўніцтва краіны прыняць нацыянальны план актыўнага даўгалецця. Поўны тэкст дакумента, які з’явіўся ў адкрытым доступе, прадугледжвае істотнае паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей.

пенсіянеры

Паводле падлікаў, колькасць людзей сталага веку ў Беларусі да 2030-га году перавысіць 30%. Гэты факт ужо выклікае такія непапулярныя захады з боку ўладаў, як павышэнне пенсійнага ўзросту, а таксама рэфармаванне сістэмы сацыяльнай абароны і медычнага абслугоўвання.

У Беларусі пакуль не распрацаваны нацыянальны план дзеянняў па пытаннях старэння. А ён, на думку кіраўніка грамадскага аб’яднання “Цэнтр трэці сектар” Вітаўта Рудніка, павінен акрэсліць захады дзяржавы ў гэтым накірунку:

– Дастаткова вялікая колькасць пытанняў звязаных, напрыклад, з забеспячэннем удзелу сталых людзей у прыняцці рашэнняў, якія іх тычацца. Стварэнне грамадскіх радаў па пытанні сталых людзей. Стварэнне рознага кшталту інфармацыйных рэсурсных цэнтраў для сталых людзей, дзе яны маглі б атрымліваць прававую, юрыдычную і псіхалагічную дапамогу. Распаўсюджванне такіх адукацыйных пляцовак для сталых людзей, як “Універсітэт Залатога Веку”. Рэфармаванне сістэмы медыцынскай дапамогі, пераарыентацыя яе ў бок прафілактыкі захворванняў. Стымуляванне годнага стаўлення да сталага чалавека ў грамадстве.

У рэзалюцыі ўтрымліваюцца канкрэтныя прапановы па паляпшэнні ўмоваў жыцця сталых людзей. Аўтары дакумента звяртаюць увагу на тое, што дзяржаве вялікую дапамогу могуць аказаць няўрадавыя арганізацыі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня