Партыя БНФ за ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах



Партыя БНФ не мяняе свайго стаўлення адносна мэтазгоднасці ўдзелу ў выбарах. Толькі ўдзел у выбарах дэмакратычных сілаў пакажа міжнародным назіральнікам фальсіфікацыі і маніпуляцыі, якімі карыстаецца ўлада для дасягнення патрэбнага ёй выніку, кажа кіраўнік партыі Аляксей Янукевіч:

– Што тычыцца міжнароднага прызнання, то ўдзел альбо не ўдзел дэмакратычных арганізацый не з’яўляецца адным з крытэраў, бо калі няма апанентаў, то няма і патрэбы фальсіфікаваць, адпаведна тады ствараюцца большыя перадумовы дзеля таго, каб на Захадзе асобныя палітыкі гаварылі пра магчымасць прызнання гэтых выбараў.

Бярозаўскія сябры БНФ выказалі сваё меркаванне на гэты конт:

– Прыкладна 15 гадоў таму прынялі рашэнне байкатаваць выбары і ўбачылі, што гэты байкот даў адмоўны, негатыўны вынік.

– 11 гадоў гэтыя размовы ідуць – прымаць удзел ці не прымаць. Я вось бачу, што ўдзел у выбарах таксама нічога не даў.

– Супраць байкоту, бо гэта ўсё ж такі нейкі шанс штосьці данесці да нашага народа.

– Калі не ўдзельнічаць, то распускайцеся.

Аляксей Янукевіч лічыць, што адзіны кандыдат ад дэмакратычнага блока ўсё ж такі будзе вызначаны, і не важна прадстаўніком якой партыі ён будзе. Галоўнае, каб ён быў прыхільнікам нацыянальна-дэмакратычных  каштоўнасцяў.

Таксама старшыня ПБНФ Аляксей Янукевіч адзначыў, што трэба тлумачыць беларускаму грамадству прыярытэтнасць еўрапейскіх каштоўнасцяў і ясную альтэрнатыву „расейскаму свету”, за які выступае Уладзімір Пуцін:

– Паказаць, што нашы інтарэсы і карані сапраўды палягаюць у Еўропе, у супрацоўніцтве з Еўропай. Таксама, безумоўна, хваля нацыянальнага адраджэння ў адказ на абуджэнне прарасейскай “пятай калоны” павінна быць нашым важным прыярытэтам.

13 верасня адбудзецца чарговы з’езд Партыі БНФ, на якім будзе абраны старшыня. Пакуль адзіным прэтэндэнтам на гэтую пасаду застаецца Аляксей Янукевіч, які можа пераабрацца на чарговы тэрмін у апошні раз.

Беларускае Радыё Рацыя