«Пра перамогу пакуль не гаворым, але надзея адчуваецца»



«Пра перамогу пакуль не гаворым, але надзея адчуваецца. Такія эмоцыі ва Украіне выклікае вызваленне і вяртанне на Радзіму Надзеі Саўчанкі» — сказала ў нашым эфіры украінка Аксана Вайцюк, палітолаг Універсітэта ў Беластоку.

РР: Спадарыня Аксана, сёння з′явілася навіна пра вызваленне Надзеі Саўчанкі. Якія Вашы першыя ўражанні? Гэта палітычная перамога або проста радасць для многіх украінцаў, што падтрымлівалі Надзею Саўчанку?

— Перш за ўсё гэта радасць, бо яна прайшла даволі доўгі і цяжкі шлях расейскіх катаванняў. Тут нельга казаць пра перамогу, бо ў расейскіх турмах цяпер знаходзіцца каля ста ўкраінцаў, якіх незаконна затрымалі. Але гэта хоць і не перамога, але маленькі крок наперад і надзея на тое, што ў будучыні ўдасца вызваліць і іншых вязняў.

РР: Мы ўжо не раз казалі пра тое, што можа змяніцца, калі Надзея Саўчанка вернецца ва Украіну. Як вы думаеце, ці паўплывае нейкім чынам гэтая падзея на ўнутраныя палітычныя перамены ў краіне? Кім цяпер можа быць Надзея Саўчанка, бо яна ўжо заяўляе пра тое, што гатовая нават паехаць на Данбас, каб далей ваяваць.

— Надзея яшчэ не паспела вярнуцца, а ўжо вельмі шмат размоваў на гэтую тэму. Можна знайсці водгаласы, што некаторыя палітыкі пачынаюць баяцца. Перш за ўсё гэта Юлія Цімашэнка, бо яна ёй напэўна складзе канкурэнцыю і даволі моцную канкурэнцыю. Таксама пачалі гаварыць, што прыезд Надзеі Саўчанкі дамоў, можа прыспешыць парламенцкія выбары ва Украіне, бо яна, як дэпутат Вярхоўнай Рады, не пагодзіцца на патаемныя дамоўленасці, яна будзе гнуць сваю лінію. І гэта таксама можа ў пэўнай ступені настройваць супраць яе, але і вакол яе гуртаваць людзей. Цяпер надта складана сказаць, што яна будзе рабіць, бо ёй патрэбны пэўны час, каб адпачыць, падлекавацца, абдумаць усё, што яна збіраецца рабіць. Але з ейнай сённяшняй прамовы бачна, што яна — ваяр і будзе змагацца, а не сядзець склаўшы рукі. Я думаю, мы яшчэ не раз пачуем пра яе.

РР: Як вы думаеце, ці тое, што Уладзімір Пуцін асабіста падпісаў загад аб памілаванні, можа нейкім чынам змякчыць узаемадачыненні паміж Расеяй і Ўкраінай? Ці магчымыя новыя дыялогі?

—  Пра тое, што Саўчанка сёння вернецца ва Украіну мала хто ведаў. Магчыма толькі нехта там на найвышэйшым роўні, а для большасці грамадства гэта было неспадзяванкай. Што да ацяплення расейска-украінскіх узаемадачыненныў, дык я мяркую да яго не дойдзе, бо не ведаю ці гэта збег абставінаў, ці гэта было зроблена наўмысна, але ўчора ўвечары выкралі аднаго з крымска-татарскіх актывістаў у Крыме. І гэта чарговы чалавек і ўжо сёння лідар крымскіх татараў Мустафа Джэмілеў казаў, што гэта выклікае вялікую занепакоенасць у Крыме, бо людзей, якія актыўна працуюць і не згаджаюцца з пуцінскім рэжымам там пераследуюць, вельмі часта выкрадаюць і, што найгоршае, даволі часта таксама іх знаходзяць мёртвымі.

РР: Выходзіць нейкая гульня: адных бяруць у закладнікі, а другіх — выпускаюць. Відавочна, што Еўропа таксама ацэніць тое, што Надзею Саўчанку выпусцілі, як такі добры жэст з боку Уладзіміра Пуціна. Гэта гульня на Еўропу.

— Я не думаю, што гэта быў добры жэст Пуціна, ведаючы Пуціна і ягоную жорсткую палітычную лінію. Мяркую, што тут былі не толькі дамоўленасці паміж Пуціным і Украінай, але і паміж Пуціным і Еўразвязам, магчыма і са Злучанымі Штатамі. Магчыма гэта датычыць нейкіх санкцыяў, якія былі накладзеныя на Расею, можа нейкія санкцыі адменяць, а нейкія — палегчаць. Я не думаю, што Пуцін зрабіў гэта без нейкага асабістага інтарэсу для ўласнай дзяржавы.

РР: Я спрабую спрагназаваць нейкія заявы, якія зараз могуць паляцець з Бруселя, пра вызваленне, паляпшэнні нейкія…

—  Я так не думаю, бо гэта ніякае не вызваленне і не паляпшэнне, гэта проста дыпламатычная гульня. Так, тут прыклалі свае намаганні і прэзідэнт Украіны, і, перш за ўсё, адвакаты Саўчанкі. Гэта былі перш за ўсё дамоўленасці палітыкаў высокага рангу, таму казаць пра нейкую перамогу, ці пра ацяпленне дачыненняў, дакладна нельга, бо на Данбасе дайшло да абвастрэння сітуацыі і ўчора загінулі каля сямі вайскоўцаў. Гэта найбольшая колькасць ахвяраў з пачатку 2016 года. Таму, казаць пра нейкае збліжэнне ці пошук кампрамісу мне здаецца пакуль рана.

РР: Але ва Украіне сёння свята, бо ва Украіну вярнулася надзея.

— Так, і вельмі шмат людзей ва Украіне не хочуць сёння гаварыць пра палітыку, яны хочуць гаварыць пра тое, што ўсё ж ёсць відаць нейкая справядлівасць, што Надзея вярнулася і трэба верыць у лепшае, і што Надзея — гэта надзея на тое, што ўсё ж калісьці ва Украіне сітуацыя зменіцца да лепшага.

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя