Апытанне: Каму з палітыкаў вы давяраеце?



Наперадзе беларусаў чакаюць парламенцкія выбары. Зноў апазіцыйныя палітыкі кажуць пра кансалідацыю і аб’яднанне, і зноў ёсць тыя, хто  ідзе сваім палітычным кірункам адасоблена. Вялікая колькасць беларусаў ужо даўна расчаравалася ў  дзеючых праўладных палітыках і чакаюць нейкіх пераменаў. Але ў сваю чаргу таксама шмат людзей, якія ўжо не вераць у магчымае аб’яднанне апазіцыі.

Мы запыталіся ў жыхароў Глыбокага, якіх беларускіх палітыкаў і якія палітычныя партыі яны ведаюць  і каму давяраюць.

– Давяраю Мікалаю Статкевічу , таму што ён можа прывесці нашу Беларусь да нармальнага стану, калі людзі будуць жыць не ў беднасці, а ў дастатку. Калі Мікалай Статкевіч будзе кіраваць нашай краінай, то будуць выконвацца правы чалавека, а гэтага ў нас ужо амаль няма.

– Нічога не ведаю пра гэты парламент і ведаць не хачу. Бо, калі па-праўдзе, я не давяраю нашаму парламенту, што скажа Лукашэнка, тое яны і робяць.

– Я за Лукашэнку, таму што ён нам пенсію дае і нас, пенсіянераў, не крыўдзяць. Я яшчэ сама жыву, сыну не падпарадкоўваюся.

– Нікому не давяраю.

– Я палітыкай не цікаўлюся. Ведаю толькі  расейскае “Яблоко”  і ўсё.

– Я за Статкевіча, за тое, што ён такі маладзец. Ён, як Надзея Саўчанка, якую выпусцілі, не здаўся, не прасіўся, бо ён невінаваты.

Ці аб’яднаюцца палітычныя апазіцыйныя рухі перад парламенцкімі выбарамі, пакажа час. Але гэта будзе мець значыны ўплыў на давер да іх з боку народа.

Бо пакуль у асяродку тых людзей, якія цікавяцца палітыкай,  зніжаецца ўзровень даверу як да праўладных, так і  да апазіцыйных палітыкаў.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота kraj.by