У пенсіянеркі канфіскавалі маёмасць за акцыі з бел-чырвона-белым сцягам
У 69-гадовай грамадскай актывісткі з Мінска Ніны Багінскай судовыя выканаўцы канфіскавалі маёмасць — мікрахвалёўку і пральную машыну. Такім чынам спаганяюцца грошы ў лік штрафаў за вулічныя акцыі, у якіх яна ўдзельнічала. Накладзены арышт на дачныя ўчасткі Багінскай, паведамляе сайт «Беларускі дакументацыйны цэнтр».
Ніна Багінская — вядомая ўдзельніца вулічных акцый у Мінску (санкцыянаваных і несанкцыянаваных). На іх яна заўсёды прыходзіць з бел-чырвона-белым сцягам.
Па словах Багінскай, штрафаў за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях у яе сабралося на 40 мільёнаў рублёў. Канфіскаваныя рэчы належаць яе дзецям і ўнукам, але судовыя выканаўцы на гэта не звярнулі ўвагі, кажа актывістка. Дарэчы, у суды яна прынцыпова не ходзіць.
Тым часам Ніна Багінская атрымала чарговую судовую позву — за ўдзел у акцыі «Праспект нацыянальнага сцягу» яе павінны судзіць адразу па двух пратаколах.