Слонімцы патрабуюць ад уладаў інфармаваць насельніцтва



Актывісты Слонімскага грамадскага цэнтра распачалі збор подпісаў пад калектыўным зваротам да старшынь Слонімскага райвыканкама і Слонімскага раённага Савета. У звароце слонімцы лічаць, што адной з задач органаў мясцовага самакіравання павінна быць інфармаванне насельніцтва.

 У сувязі з гэтым жыхары Слонімшчыны лічаць неабходным правядзенне шэраг мерапрыемстваў. А гэта – размяшчэнне ў мясцовых СМІ і на сайце Слонімскага райвыканкама паведамленняў аб тэматыцы маючых адбыцца пасяджэнняў раённага Савета з указаннем месца і часу яго правядзення. Што, на жаль, сёння не робіцца. Рассылаць спецыяльныя звароты да насельніцтва з просьбай выказваць заўвагі і прапановы па пытаннях парадку дня пасяджэння раённага Савета. Гэта няма. Ажыццяўляць работу з мясцовымі актывістамі і грамадскімі групамі, з мэтай прыцягнення актыўных прадстаўнікоў насельніцтва да падрыхтоўкі пытанняў, якія выносяцца на абмеркаванне раённага Савета дэпутатаў. Гэтым ніхто не займаецца.

Знаёміць насельніцтва са зместам нарматыўных прававых актаў аб мясцовым самакіраванні, распаўсюджваць тэкст рэгламенту Савета ў розныя грамадскія месцы (бібліятэкі, школы, установы і г.д.)

Штомесячна друкаваць матэрыялы аб планавых сустрэчах дэпутатаў мясцовага Савета з выбаршчыкамі і публікаваць іх справаздачы аб праведзенай рабоце на сайтах райвыканкама і на старонках мясцовых газет. На жаль, мясцовыя дэпутаты нічога не праводзяць і многія выбаршчыкі, наогул, не ведаюць сваіх мясцовых дэпутатаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Слонім