Гурт „Крама” ўпершыню зайграе ў Беластоку



Ужо сёння, 27 траўня, у Беластоку ў клубе «Hary» пройдзе супольны канцэрт калектываў Ostrov і BN. Ostrov базуецца ў Беластоку і спявае па-беларуску ды па-польску. BN – адзін з найпапулярнейшых рок-гуртоў у Беларусі, які паходзіць з Бярозы.

У суботу, 28 траўня,  Ostrov і BN разам з мясцовымі гуртамі зайграюць у Бельску-Падляскім у пабе Blues.

29 траўня ў беластоцкім клубе Zmiana Klimatu будзе сьвяткаваць сваё 35-годдзе Беларускае аб’яднанне студэнтаў. Пасля афіцыйнай часткі БАС павіншуе легенда беларускага року – «Крама».

Па словах франтмэна гурта Ігара Варашкевіча, як ня дзіўна, гэта будзе першы выступ Крамы ў Беластоку.

— Мы ў прынцыпе бывалі толькі на Басовішчы і больш у нас канцэртаў не было. У Беластоку ў нас ніколі не было канцэрту. Будзе вялікі канцэрт, як звычайна мы граем і старыя і новыя песні: будзе і «Стэфка» і «Слуцкая брама», а таксама песні з новага альбому. Сустрэнемся ў нядзелю.

Дададзім, што ў аўторак, 31 траўня, таксама ў клубе Zmiana Klimatu ў Беластоку адбудзецца выступ трыа Ягора Забелава з Менску. Ягор вядомы не толькі як акардэаніст-віртоуз, але і як кампазітар, аўтар музыкі для шматлікіх тэатральных пастановак. У тым ліку для спэктакля «Сонька», які ішоў у Беластоцкім драмтэатры.

Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя