Сенат ЕГУ лічыць неабходным адклікаць кіраўнікоў ВНУ
Сенат Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (Вільня) прапануе сузаснавальнікам, кіраўнічаму савету, ключавым донарам ВНУ і МЗС Літвы неадкладна адклікаць кіраўнікоў ЕГУ і ўвесці антыкрызіснае кіраванне. Пра гэта гаворыцца ў адкрытай заяве сената, апублікаванай 30 траўня.
Сенат (орган акадэмічнага самакіравання) лічыць неабходным адклікаць Дэвіда Поліка з пазіцыі рэктара ЕГУ, Эн Лонсдэйл — з пасады выканаўцы абавязкаў старшыні кіруючага савета ЕГУ і Дэна Дэвідсана — з пасады намесніка старшыні кіруючага савета.
Акрамя гэтага, сенат заяўляе пра неабходнасць „неадкладна забяспечыць парытэтны з іншымі стэйкхолдарамі ўдзел акадэмічнай супольнасці ў працэсе адбору новага рэктара, замарозіць хаатычны працэс прыняцця рашэнняў адносна далейшага лёсу ўніверсітэта, што адбываецца ў цяперашні час, і ўвесці антыкрызіснае кіраванне з удзелам прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці”.
На думку сената, неабходна „забяспечыць рэальны ўдзел акадэмічнай супольнасці ў складанні бюджэту ўніверсітэта і кантролі за расходамі бюджэтных сродкаў”.
У заяве адзначаецца, што Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт „зноў стаў мішэнню для крытыкі, выкліканай неэфектыўнасцю мадэлі кіравання, якая склалася за апошнія гады, і дзеяннямі асобных кіраўнікоў ЕГУ”.
„У сувязі з гэтым мы хочам падкрэсліць, што, насуперак любым унутраным і знешнім выклікам, універсітэт заўсёды паспяхова спраўляўся з асноўнай інстытуцыйнай задачай — забяспечваць высокую якасць адукацыйных праграм. Мы захоўваем прыхільнасць сваім акадэмічным традыцыям і застаемся адзінай беларускай ВНУ, вольнай ад ідэалагічнага кантролю і ў поўнай меры ўключанай у еўрапейскую адукацыйную прастору”, — падкрэслівае сенат.
У заяве выказаная „глыбокая падзяка Літоўскай Рэспубліцы, усім донарскім арганізацыям, прадстаўнікам еўрапейскай і міжнароднай грамадскасці, якія падтрымлівалі і працягваюць падтрымліваць універсітэт, захоўваючы ўпэўненасць у выключнай значнасці гэтага акадэмічнага праекта для еўрапейскага развіцця беларускага грамадства”, а таксама „прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці Беларусі за выказаную занепакоенасць лёсам ЕГУ”.
„Наша мэта — захаваць і пашырыць прастору інтэлектуальнай свабоды, крытычнага мыслення і крэатыўнага дзеяння, якія прынцыповым чынам адрозніваюць ЕГУ ад іншых беларускіх ВНУ. Мы шануем асаблівую атмасферу зносін студэнтаў і выкладчыкаў, ганарымся дасягненнямі нашых студэнтаў і выпускнікоў. Іх шчырая падтрымка з’яўляецца пераканаўчым сведчаннем значнасці ЕГУ як адукацыйнага і даследчага праекта і робіць нас паўнавартаснай акадэмічнай супольнасцю”, — падкрэслівае сенат ВНУ.
ЕГУ быў заснаваны ў Менску ў 1992 годзе, а ў 2004-м — закрыты беларускімі ўладамі з-за ідэалагічных прычын. Праз год аднавіў працу ў Вільні. З’яўляецца літоўскай ВНУ, але мае нефармальны статус беларускага ўніверсітэта ў выгнанні. Фінансуецца кааліцыяй міжнародных донараў.
У верасні 2014 года заснавальнік ЕГУ прафесар Анатоль Міхайлаў пакінуў пасаду рэктара і стаў прэзідэнтам універсітэта. Для абрання новага рэктара быў заснаваны часовы камітэт. На пасаду прэтэндавалі шэсць чалавек — трое грамадзян Беларусі і трое грамадзян ЗША. Прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасці настойвалі на тым, каб рэктарам ЕГУ быў выхадзец з Беларусі, а сам універсітэт захаваў беларускі вектар развіцця. Нягледзячы на гэта агульны сход заснавальнікаў абраў новым рэктарам ВНУ амерыканскага прафесара Дэвіда Поліка, які працаваў у ЕГУ на розных пасадах з сакавіка 2014 года.
10 траўня гэтага года Савет міністраў замежных спраў Паўночных краін (Данія, Ісландыя, Нарвегія, Фінляндыя, Швецыя, назіральнікі — Латвія, Літва, Эстонія) абвясціў пра спыненне фінансавання ЕГУ. У якасці асноўнай прычыны была названая неабходнасць „рэструктурызацыі бюджэту для вызвалення сродкаў для супрацоўніцтва па пытаннях інтэграцыі бежанцаў і імігрантаў сёлета”. Акрамя гэтага, рашэнне аб спыненні фінансавання ЕГУ грунтуецца на выніках абмеркавання ролі і стратэгіі ўніверсітэта, заявіў Паўночны савет. Пры гэтым адзначалася, што „неаднаразовыя ўнутраныя рознагалоссі” ў ЕГУ ў апошнія гады адцягваюць увагу ад дзейнасці ўніверсітэта.
Услед за рашэннем Паўночнага савета ў СМІ з’явілася інфармацыя аб правядзенні ў канцы 2015 года міжнароднай кампаніяй Deloitte аўдыту фінансавай дзейнасці ЕГУ на замову скандынаўскіх спонсараў ВНУ. Паведамлялася, што праверка нібыта выявіла шэрыя схемы, у якіх задзейнічаныя рэктар і асобныя члены кіраўнічага савета ВНУ. Кіраўніцтва ЕГУ раскрытыкавала вынікі аўдыту.
20 траўня прэс-служба ЕГУ распаўсюдзіла заяву в.а. старшыні кіруючага савета ЕГУ Эн Лонсдэйл, якая абвясціла, што Дэвід Полік завершыць сваё знаходжанне на пасадзе рэктара ў канцы лета. Паведамлялася таксама, што ў канцы мая пачнецца „адкрыты міжнародны пошук новага рэктара”, з тым каб „новы рэктар мог пачаць выконваць абавязкі ўжо ў пачатку наступнага навучальнага года”.