Страхаванне ад беспрацоўя: чыім коштам?
Актывіст незалежных прафсаюзаў Аляксандр Бухвостаў разважае пра тое, ці запрацуе ў Беларусі сістэма “страхавання ад беспрацоўя”, і за чый кошт будзе сфармаваны гэты фонд.
Днямі падчас круглага стала, арганізаванага праўладнай Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, прадстаўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны аб’явілі, што будуць падвышаць дапамогу па беспрацоўі. Магчыма, за кошт увядзення так званага “страхавання беспрацоўя”.
Аляксандр Бухвостаў: Увогуле, страхаванне ад беспрацоўя – нармальная з’ява, і такая практыка існуе ўва многіх краінах. У той жа Швецыі, напрыклад, дзе маецца пэўная сістэма падтрымкі людзей, якія страцілі працу і павінны перавучвацца на іншыя спецыяльнасці. Таму гэта – пазітыўны момант. Іншая рэч, як усё будзе рабіцца ў Беларусі, якія падыходы выкарыстаюць улады пры арганізаці страхавых фондаў.
РР: На вош погляд, за кошт якіх рэсурсаў гэта будзе зроблена?
Аляксандр Бухвостаў: Вось тут і заключаецца самае галоўнае пытанне, бо пакуль усё адбываецца на ўзроўні размоваў і нейкіх будучых перажэктаў. Калі ўсё ізноў узваляць на плечы працоўных, то што ў гэтым будзе добрага? Наогул, такія пытанні, мяркую, павінны разглядацца з удзелам незалежных прафсаюзаў, але ж нас пакуль нікуды не запрашалі. Хаця ў нас ёсць з гэтай нагоды свае прапановы, бо мы знаёміліся з працай страхавых фондаў за мяжой. Але зараз уладам у любым выпадку неабходна адкрыць рэальны памер беспрацоўя, якое апошнім часам толькі расце. А калі ўлады пойдуць на рэальныя эканамічныя рэформы, то прапанова ўвесці страхаванне па беспрацоўі тым больш выглядае актуальным. Пытанне толькі ў рэалізацыі праекта.
РР: Калі могуць увесці такое страхаванне?
Аляксандр Бухвостаў: Думаю, гэта можа расцягнуцца на даволі працяглы час. Стварэнне страхавых фондаў можа заняць каля 2 гадоў. Тут і заканадаўчую базу трэба падвесці, і рэсурсную вызначыць…
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя