Васіля Парфянкова трымаюць у ізаляцыі
Палітычнага зняволенага Васіля Парфянкова трымаюць у Горацкай калоніі у поўнай ізаляцыі. Па словах кінарэжысёра і грамадскай актывісткі Вольгі Мікалайчык, робіцца гэта, каб ён не прапагандаваў сярод зняволеных ідэі незалежнай Беларусі.
Пасля працяглага часу адміністрацыя калоніі дазволіла Парфянкову сустрэцца са сваім адвакатам.
А Вольга Мікалайчык, якая таксама прыехала ў Горкі і паспрабавала дабіцца сустрэчы, такой магчымасці не атрымала:
– Адвакатка схадзіла і сказала, што Васіль худы і шэры з твару. Але вельмі быў задаволены тым, што пабачыў жывы твар, бо сядзіць у адзіночцы. Сумуе ясна. Ідзе такая прыхаваная ізаляцыя Васіля. І яны яму адкрыта сказалі, што “мы цябе трымаем у адзіночцы, каб ты не рабіў з зэкаў беларусаў, патрыётаў, нацыянальна свядомых. ”
Васіль Парфянкоў павінен выйсці на волю праз 3 месяцы – 5-га снежня. Ён быў асуджаны на год зняволення за парушэнне ўмоваў прэвентыўнага нагляду. Нагляд быў усталяваны за ім пасля вызвалення з калоніі, куды патрапіў за ўдзел у Плошчы 2010 году – дэманстрацыі пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя