Андрэй Суздальцаў: Чаму Масква павінна рабіць нейкія зніжкі?



Палітолаг Андрэй Суздальцаў распавёў, чаму Расея не хоча зніжаць цану на газ для Беларусі.

Андрэй Суздальцаў

Нагадаем, магчымасць зніжэння для Беларусі цаны на прыродны газ, а таксама сітуацыя вакол запазычанасці за пастаўленыя рэсурсы абмяркоўвалася днями на сустрэчы віцэ-прэм`ераў Расіі і Беларусі Аркадзя Дварковіча і Уладзіміра Сямашкі. Па яе выніках Дварковіч паведаміў, што «прагрэсу няма».

Раней міністр энергетыкі РФ Аляксандр Новак заяўляў, што цяперашняя цана паставак расійскага газу для Беларусі складае 132 долары за тысячу кубаметраў. У сваю чаргу міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык заяўляў, што Беларусь лічыць справядлівай цану на расійскі газ, які пастаўляецца ў рэспубліку, 73 долары за тысячу кубаметраў. Ён таксама падкрэсліваў, што беларускі бок «гаворыць не аб скідцы, а аб рыначных роўнадаходных цэнах» на газ.

Андрэй Суздальцаў: А чаму Масква павінна такія зніжкі рабіць? Няхай афіцыйны Менск вырашае гэтую праблему з Кіевам ці Вашынгтонам. Крэмль нічога на павінен беларускім уладам, бо Беларусь – суверэнная дзяржава, як нярэдка падкрэслівае прэзідэнт гэтай краіны ці міністр замежных спраў. Чаму суверэнная дзяржава не хоча плаціць так, як гэта робяць астатнія краіны? А то, калі размова заходзіць пра размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі расейскай авіяцыйнай базы ці выканання саюзніцкіх дамоўленасцей, то ўспамінаюць пра незалежнасць. А, калі кажуць пра атрыманне грошай ці датацый, то Расея ўжо нешта абавязана. Таму беларускія ўлады павінны таксама зразумець, што Масква – не бяздонная бочка.

РР: Але ж Беларусь для Расеі – бліжэйшы саюзнік. Чаму б не дапамагчы таварышу ў крызіс?

Андрэй Суздальцаў: Дык жа афіцыйны Менск зараз наладжвае добрыя адносіны з Еўропай, ЗША. Няхай у іх папросіць грошай, каб аплаціць доўг за газ, як гэта робіць Украіна.

РР: Гандаль у гэтым пытанні магчымы?

Андрэй Суздальцаў: Мяркую, што ніякага гандлю не будзе, хаця Менск і спрабаваў гэта навязаць. Але ж зараз у Беларусі – апафеоз дэмакратыі, так што наперад – за заходнімі крэдытамі. Крэмль бачыць што адбываецца, а таму пад такія гульні ні грошы, ні зніжкі не дае.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя