Нацбанк: Насельніцтва траціць валютныя зберажэнні на спажыванне
Насельніцтва Беларусі падтрымлівае ранейшы ўзровень спажывецкіх расходаў за кошт назапашаных валютных зберажэнняў.
Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка Беларусі Дзмітрый Мурын, выступаючы 2 чэрвеня ў Менску на семінары, арганізаваным Даследчым цэнтрам ІПМ.
„Пры істотным зніжэнні даходаў насельніцтва захоўвае сваю звычку да спажывання. Мы бачым, што рэальныя даходы насельніцтва скараціліся больш, чым расходы”, — канстатаваў Мурын.
Паводле яго слоў, імкненне грамадзян падтрымліваць выдаткі за кошт зберажэнняў можна бачыць па сітуацыі, якая складваецца на дэпазітным і валютным рынку. „Працягваецца скарачэнне аб’ёму валютных дэпазітаў насельніцтва і павялічваецца памер замежнай валюты, якую насельніцтва прадае. Кожны месяц насельніцтва прадае на 200 млн. даляраў больш, чым купляе”, — зазначыў прадстаўнік Нацбанка.
Ён звярнуў увагу на тое, што на продаж насельніцтва накіроўвае ў тым ліку тыя валютныя сродкі, якія не захоўваліся ў банках. „Сярэднямесячны адток валютных укладаў — 100 мільёнаў даляраў, а продаж — 200 мільёнаў даляраў. Такім чынам, яшчэ 100 мільёнаў даляраў насельніцтва дастае, як у нас кажуць, з-пад матраца і траціць на бягучае спажыванне”, — сказаў Мурын.
Пры гэтым ён даў зразумець, што верагоднасць павышэння даходаў насельніцтва з улікам складанага фінансавага становішча прадпрыемстваў малая. Згодна з травеньскім апытаннем Нацбанка, арганізацый, якія паведамілі пра зніжэнне попыту на сваю прадукцыю, аказалася на 25% больш, чым тых, якія такой праблемы не назіраюць. „Зніжэнне попыту на прадукцыю арганізацый прыводзіць да таго, што мы бачым сёння павелічэнне колькасці стратных прадпрыемстваў і рост закрэдытаванасці суб’ектаў гаспадарання”, — падкрэсліў Дзмітрый Мурын.
Ён звярнуў увагу на тое, што запазычанасць прадпрыемстваў па крэдытах сёння практычна ў чатыры разы перавышае іх выручку. „Фінансавае становішча прадпрыемстваў стварае рызыкі для банкаў, праблемныя актывы якіх павялічваюцца”, — рэзюмаваў прадстаўнік Нацбанка.