Ці хапае грошай жыхарам Глыбокага?
“Кожны месяц насельніцтва Беларусі прадае на 200 мільёнаў даляраў больш, чым купляе. Працягваецца скарачэнне аб’ёму валютных дэпазітаў насельніцтва і павялічваецца памер замежнай валюты, якую насельніцтва прадае,” – пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка Беларусі Дзмітрый Мурын.
Па яго словах, рэальныя даходы насельніцтва скараціліся больш, чым расходы, але нават пры істотным зніжэнні даходаў насельніцтва захоўвае сваю звычку да спажывання.
Мы запыталіся ў мінакоў Глыбокага, ці трацяць яны свае валютныя зберажэнні, або ім хапае грошай, каб пражыць ад заробку да заробку.
– У замежнай валюце няма зберажэнняў. Жывём толькі ад заробку да заробку. Як не хапае – пазычаем. Пасля атрымання заробку аддаем. Муж атрымлівае два мільёны, я – тры.
– Ну, нібы хапае пражыць ад заробку да заробку. Я ўжо на пенсіі, атрымліваю 3 мільёны.
– 2 мільёны 300 тысяч атрымліваю. Валюты не купляю. Не атрымліваецца…
– Калі купілі валюту, то стараемся не траціць. Кладзем у панчоху. Я атрымліваю 3 мільёны, і муж столькі ж атрымлівае. Але шмат дзяцей і ўнукаў.
– Я адна з двума дзецьмі. І ў мяне не хапае сродкаў. На ўсім эканомім. Не ведаю нават, як сабраць другое дзіця ў першы клас. Атрымлівала 2 мільёны, а апошнім часам – 1 мільён 800 тысяч.
Па апошніх дадзеных Белстата, сярэдні заробак у Беларуі складае 7 мільёнаў рублёў, па Віцебскай вобласці – 6 мільёнаў, адзін з самых маленькіх у краіне. Але пра такія заробкі на Глыбоччыне людзі толькі мараць, бо на самой справе такія грошы мала хто зарабляе. Таму назапашванне валютных зберажэнняў сабе мала хто можа дазволіць.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае