Нарколаг: Карыстальнікі „спайсаў” тыя ж самыя наркаманы
Беларускія падлеткі ва ўзросце 12-14 гадоў цікавяцца так званымі “лёгкімі” наркатычнымі сродкамі, якія ў апошнія гады атрымалі агульную назву “спайс”. Такія звесткі агучваюць медыкі на падставе назіранняў. Юнакі наўпрост не бачаць пагрозы ад ужывацця лёгкіх наркотыкаў.
Нарколаг Аляксандр Павельчук адзначае, што ў моладзі ёсць стэрыятып: наркотык – гэта шпрыц, а ўсё астатняе не выклікае залежнасці і не мае негатыўных наступстваў. Гэтаму ёсць тлумачэнне:
– Нашая моладзь, якая пачынае калоцца, адэкватна ўспрымае, што яны наркаманы. Калі яны кураць “спайс”, яны лічаць сябе цалкам нармальнымі людзьмі, якія па-за залежнасцю. Чалавек не адчувае гэтай праблемы. Ён не бачыць людзей, якія ў залежнасці. Яны не бачаць наступстваў ужывання гэтага страшнага наркотыка.
Нават жудасныя гісторыі з самагубствамі, гвалтам альбо інваліднасцю ў выніку ўжывання псіхатропных, курыльных сумесяў, выклікаюць устойлівую рэакцыю – гэта са мною не здарыцца.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя