Ігар Случак: Заўзятары чакаюць ад сваіх клубаў беларускай мовы



Спорт і беларуская мова. Штогод каардынатар грамадскага аб’яднання “Справаводства па-беларуску” Ігар Случак рассылае лісты адміністрацыям беларускіх футбольных клубаў і заклікае іх шырэй ужываць беларускую мову ў сваёй спартовай дзейнасці.

“Гэта не мая асабістая ініцыятыва, гэта жаданне футбольных заўзятараў, я толькі гэтае жаданне выказваю афіцыйна,” – сказаў нашаму радыё Ігар Случак.

– Калі паглядзець на тое, што было 10 гадоў таму, то сярод заўзятараў быў такі “я рускі” патрыятызм. Зараз яго наогул няма. Зараз амаль па ўсёй Беларусі заўзятары беларусканакіраваныя. І чаму я пачаў звяртацца да адміністрацый футбольных клубаў? Бо я бачу, што заўзятары ўжо беларусізаваліся, заўзятары хочуць беларускай мовы, фанаты хочуць беларускай мовы, а клубы за імі яшчэ не паспяваюць. Таму я як раз і займаюся гэтым. 

Сярод самых беларусізаваных футбольных заўзятараў Ігар Случак называе фанатаў менскіх клубаў “Тарпеда” і “Дынама”, а таксама клубаў “Гомель”, “Нёман” (Гародня) і “Тарпеда-БелАЗ” (Жодзіна).

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя