У Беларусі зарэгістравалі каталіцкае „Радыё Марыя”



У Беларусі зарэгістравана каталіцкая радыёстанцыя Сусветнай сям’і „Радыё Марыя”.

Афіцыйна юрыдычная асоба атрымала назву Установа „Радыё РМ” – гэта звязана з некаторымі палажэннямі беларускага заканадаўства. Аднак беларуская ўстанова зможа атрымаць правы на выкарыстанне гандлёвай маркі „Радыё Марыя” і выходзіць у эфір пад гэтай назвай.

– Яшчэ трэба прайсці шэраг юрыдычных працэдур, аднак галоўны этап, нарэшце, пройдзены. Плануецца, што першым крокам будзе стварэнне мабільнай студыі, якая будзе трансляваць святыя Імшы з розных касцёлаў краіны. Спадзяемся, што мы зможам пачаць вяшчанне ў снежні 2016 года, — паведаміў katolik-gomel.by кіраўнік праекта „Радыё Марыя Беларусь” Вячаслаў Гулевіч.

Нагадаем, адкрыць рэдакцыю сусветна вядомай каталіцкай радыёстанцыі „Радыё Марыя” ў Беларусі спрабуюць ўжо на працягу пяці гадоў.