Ігар Случак: Тавары павінны маркіравацца беларускай мовай



„Беларускія тавары абавязкова павінны маркіравацца беларускай мовай, гэта трэба замацаваць заканадаўча”, – лічыць каардынатар грамадскай кампаніі „Справаводства па-беларуску” Ігар Случак.

Гэта паспрыяе ўмацаванню дзяржаўнага прэстыжу Беларусі, а таксама выкананню канстытуцыйных правоў перад беларускамоўным насельніцтвам.

Ігар Случак з дапамогай адпаведных лістоў заклікаў падтрымаць ініцыятыву шматлікія таварыствы, якія абараняюць правы спажыўцоў:

– Прыйшло некалькі адказаў з рэгіянальных спажывецкіх таварыстваў, якія падтрымліваюць змены Закону аб абароне правоў спажыўцоў, паводле якіх інфармацыя пра тавары павінна быць на дзвюх дзяржаўных мовах. Таксама прыйшоў даволі добры адказ з офіса „Беларускага таварыства абароны спажыўцоў”, што сапраўды такія змены патрэбныя.

Згодна патрабаванням Мытнага саюза, тавары абавязкова павінны маркіравацца па-расейску. Многія беларускія вытворцы абмяжоўваюцца толькі расейскамоўнай маркіроўкай, ігнаруючы другую дзяржаўную мову.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя