Віктар Малышчыц: Як я стаў экстрэмістам
Беларускі астраном-фотаграф напісаў у сваім Facebook, чым скончылася жаданне паздымаць Прыпяць і яе правы прыток Убарць.
Віктар Малышчыц (Фота facebook.com/Viktar.Malyshchyts)
Усім вядома, што чалавек з фотаапаратам у нашай краіне – гэта вельмі небяспечны злачынца. Можа, напрыклад, сфатаграфаваць павучка на фоне знака радыяцыі. Не смейцеся, менавіта гэты здымак быў прызнаны эстрэмісцкім у 2012 годзе! Яшчэ гэты чалавек можа сфатаграфаваць ЗАГС у Іўі (рэальная гісторыя з рэальнымі праблемамі!) ці „Вароты горада” ў Менску (а тут ужо праблемы меў асабіста я).
Пазаўчора еду ў Прыпяцкі нацыянальны парк зрабіць некалькі здымкаў Прыпяці на досвітку. Месцы, куды я еду, агульнадаступныя, не запаведныя. Адно толькі – на ўездзе стаіць КПП, дзе трэба адзначыцца. Штодня там праязджаюць дзясяткі рыбакоў і мясцовых жыхароў – ніякіх праблем няма.
Пад’язджаю туды а 4-й раніцы. „Куды едзеце?” – стандартнае пытанне. „У Перакоп, Прыпяць ад вёскі паздымаць”. Усё. Паздымаць. Экстрэміст, значыць. Шлагбаўм для мяне ўжо не адчыняецца, а мне ветліва прапануюць атрымаць пропуск у зону (не запаведную!) у адміністрацыі ў Ляскавічах, да якой 55 кіламетраў.
Еду ў Ляскавічы. Там мяне накіроўваюць у аддзел турызма, дзе шчыра здзіўляюцца маёй праблеме, бо пропуск там непатрэбны. На просьбу выпісаць хоць нейкую паперку пытаюцца, за чым я прыехаў. Пачуўшы пра фота, палохаюцца і клічуць нейкага начальніка. Той, даведаўшыся пра фота, палохаецца і шле яшчэ ад аднаго. Гэтаму таксама страшна даць дазвол на фатаграфаванне таго, што і так можна здымаць па законе, і ён робіць ход канём: дазвол толькі з блаславення генеральнага дырэктара! Ага, кожны рыбак таксама да гендырэктара ходзіць?
Дырэктар таксама здзіўляецца маім праблемам і загадвае напісаць мне дазвол на здымкі. На КПП новая змена, якая нават не спыняе мяне, а проста моўчкі падымае шлагбаўм. Я, праўда, не моцна пакрыўдзіўся, бо цяпер з той паперкай мог лезці куды заўгодна ў парку, чым адразу і скарыстаўся).
На наступны дзень еду на раку Убарць, каб паздымаць яе пойму. Там ужо памежная зона, але да мяжы больш дзясятка кіламетраў. Бяру з сабой пашпарт, квітанцыю аб аплаце пошліны – наперад! Але праблемы пачынаюцца за першым жа паваротам.
Патруль памежнікаў спыняе праверыць дакументы. З імі ўсё ў парадку, дзяжурнае пытанне: „З якой мэтай прыехалі?” „Паздымаць Убарць”. Ага. Паздымаць. Падазрона пачынае разглядаець змесціва машыны і тут позірк памежніка натыкаецца на коптэр. Коптэр з фотаапаратам – гэта ўжо не экстрэмізм, гэта, блін, ужо тэрарызмам пахне. І хоць я нічога дрэннага зрабіць не паспеў, сержант вырашае пракансультавацца з базай, перш чым мяне адпусціць.
На базе, пачуўшы словы „фота” і „коптэр”, таксама палохаюцца і вырашаюць пракансультавацца ў калег. А тыя, баючыся, адказнасці, задаюць тое ж пытанне ў Мазыр. А калі з нейкай глушы адпраўляюць запыт у Мазыр, значыць справа сур’ёзная: аб’яўляецца сігнал „У ружжо!”, да мяне выязджае яшчэ адзін нарад з панятымі, у частку накіроўваюцца міліцыя і КДБ (пажарнікаў толькі забылі паклікаць). А Мазыр, баючыся ўзяць адказнасць, шле запыт у Менск. Цікава, Галоўнакамандуючаму перадалі ці не?
А ў Менску ўжо разумеюць – па дробязях да іх не звернуцца. Таму цэлую гадзіну шукаюць, да чаго б дачапіцца. Знайшлі. Згодна з пастановай, з мінулага лета забараняецца ўвоз у памежную зону лятальных апаратаў цяжэй за 1 кг. А ў мяне толькі камера больш важыць. Таму па загадзе зверху распачынаецца адміністратыўная справа, складаецца куча пратаколаў, тэхніка канфіскуецца, а мяне чакаюць пад Мазыром у вёсцы Прудок у аўторак на разбіральніцтва. Ну хоць убачу гэты Прудок не толькі вачыма шаноўнага Андруся Горвата))).
Дарэчы, быў здзіўлены ветлівасцю мясцовых памежнікаў. І гарбатай з пячэннем паілі, і вячэраць прапаноўвалі, і экскурсію па частцы зрабілі, і на тэму „Беларуская мова – аснова дзяржаўнай бяспекі” самі першыя пачалі размаўляць. І яшчэ доўга выбачаліся за ўсю гэтую гісторыю. Кажуць, ведалі б, які вэрхал тут пачнецца, адпусцілі б мяне ціхенька і ўсё.