РФ выведзе баевікоў у абмен на перавыбары і амністыю
У ноч на 7 верасня на сайце АБСЕ быў апублікаваны пратакол, падпісаны прадстаўнікамі Украіны, РФ і АБСЕ па выніках „менскай сустрэчы”.
Трохбаковая кантактная група падпісала пратакол, накіраваны на імплементацыю мірнага плана прэзідэнта Украіны і ініцыятыў прэзідэнта РФ.
У дакуменце з 12 пунктаў гаворыцца пра тое, што бакі неадкладна павінны спыніць агонь у двухбаковым парадку і забяспечыць маніторынг і верыфікацыю з боку АБСЕ рэжыму непрымянення зброі.
У дакуменце таксама адзначаецца: „Забяспечыць пастаянна дзеючы маніторынг на ўкраінска-расейскай мяжы і верыфікацыю з боку АБСЕ са стварэннем зоны бяспекі ў памежных раёнах Украіны і РФ”.
У тэксце таксама сказана, што бакі абавязаліся „вывесці незаконныя ўзброеныя фармаванні, а таксама баевікоў і наймітаў з тэрыторыі Украіны”.
Абодва бакі абавязваюцца неадкладна вызваліць усіх закладнікаў і незаконна ўтрымліваемых асоб.
У адным з пунктаў гаворыцца, што бакі дамовіліся правесці датэрміновыя парламенцкія выбары ў Данецкай і Луганскай абласцях згодна з законам „Аб часовым парадку мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей” (закон аб адмысловым статусе).
Кожнаму ўдзельніку трохбаковай кантактнай групы гарантуецца асабістая бяспека.
Таксама бакі дамовіліся „прыняць праграму эканамічнага адраджэння Данбаса і аднаўлення жыццядзейнасці рэгіёна”.
Як вядома, 5 верасня ў Менску адбыліся перамовы з удзелам другога прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы, пасла Расеі ў Украіне Міхаіла Зурабава, спецпрадстаўніка АБСЕ Хайдзі Тальявіні, лідараў баявікоў „ДНР” Аляксандра Захарчанкі і Андрэя Пургіна, а таксама кіраўніка „ЛНР” Ігара Платніцкага.
Па выніках сустрэчы паміж прадстаўнікамі Украіны, „ДНР” і „ЛНР” з удзелам АБСЕ быў падпісаны пратакол пра спыненне з 18:00 пятніцы агню на Данбасе.
6 верасня падчас тэлефоннай размовы прэзідэнты Украіны і РФ прыйшлі да высновы, што „рэжым спынення агню” на паўднёвым усходзе Украіны ў цэлым выконваецца.
Разам з тым у РНБА заяўлялі, што з 5 па 6 верасня баевікі здзейснілі 28 абстрэлаў пазіцый сіл АТА, з іх 10 – пасля абвяшчэння „рэжыму спынення агню”.