Камітэт выратавання прадпрымальніцтва стварае „Салідарнасць”



Цягам дня доўжылася пасяджэнне Камітэта выратавання прадпрымальніцтва, які быў створаны пры незарэгістраванай партыі БХД па ініцыятыве сустаршыні Паўла Севярынца. На ім быў разгледжаны праект статута незалежнага прафсаюза “Салідарнасць”, што зараз ствараецца. А таксама прынятыя рашэнні аб будучых акцыях пратэсту прадпрымальнікаў.

Кажа сустаршыня Партыі БХД Павел Севярынец:

– Працэс “Салідарнасці” ў першую чаргу нарадзіўся ў асяроддзі індывідуальных прадпрымальнікаў. Зараз ён пашыраецца і ўключае ў сябе і тых, хто падпадае пад дзеянне закона аб дармаедстве. Таму я думаю, што гэта будзе правобраз такой “Салідарнасці”, якая ў свой час нарадзілася ў Польшчы. Увогуле сённяшніх ІП з цяжкасцю можна назваць прадпрымальнікамі, альбо наймальнікамі, бо гэтую катэгорыю насельніцтва сённяшні рэжым проста хоча знішчыць. Статут з 13 старонак ужо распрацаваны. І зараз пачнецца стварэнне структур.

На чэрвень незарэгістраваным прафсаюзам “Салідарнасць” ужо запланаваныя першыя акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. 18 – у Воршы, 28 – у Бабруйску, пры канцы месяца  – на менскім кірмашы Ждановічы. Арганізатары гатовы да таго, што ўлады забароняць іх легальнае правядзенне.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя