Стратэгічная важнасць Беларусі ўзрастае



Рост напружання ў нашым рэгіёне падвышае вагу Беларусі на міжнароднай арэне. Такое меркаванне выказвае Сяргей Богдан ‒ дырэктар па даследаваннях Цэнтра Астрагорскага:

2-1

– Зараз Усходняя Еўропа па ступені сваёй важнасці зноў пачынае вяртацца на першыя радкі, ўмоўна кажучы, рэйтынгу сусветнай напружанасці.

РР: У артыкуле Вы пішаце, што вага і значэнне Беларусі ўзрастае, але як з небяспекай для Беларусі, як краіны? Ці не будзем мы змушаныя стаць па адзін ці другі бок у гэтым супрацьстаянні?

Сяргей Богдан: Дзякуючы некаторым падзеям апошняга часу, перш за ўсё той сітуацыі, якая склалася ў адносінах Расеі і краінаў рэгіёну , а таксама Расеі і Захаду, яна змагла падвысіцца.  Здарылася так, што яе значэнне як транзітнага маршруту, як больш-меньш нейтральнай тэрыторыі, вельмі моцна ўзрасло. Калі зараз разглядаць маршруты транспартавання тых жа вуглевадародаў і перспектывы развіцця сітуацыі, то Беларусь можа гуляць ужо на шмат большых стаўках, чым да гэтага. З другога боку, сістэма супрацьракетнай абароны яшчэ дадаткова падвышае гэтыя стаўкі, таму што для Расеі зараз гэта становіцца акрамя пытання эканамічнай бяспекі, яшчэ і наўпрост пытаннем элементарнай нацыянальнай бяспекі.

Безумоўна, што ў гэтых варунках Менск можа дазволіць сабе больш, але разам з тым больш высокія стаўкі азначаюць і больш высокія страты для беларусаў. Гульня пры гэтым будзе больш небяспечная для самога Менску. Ці зможа наш урад весці гэтую гульню да канца і ці рэальна спадзявацца, што Беларусь  можа захаваць дэ-факто нейкі нейтралітэт і не стаць і не на той бок, і не на гэты, вельмі складанае пытанне. І гэта будзе цудам, калі гэта здарыцца. Бо ні адзін з бакоў – ні Расея, ні яе апаненты, на мой погляд, нейтральнай Беларусі не хочуць.

РР: Рэакцыя Расеі на пачатак пабудовы і хуткае ўвядзенне часткі сістэмы супрацьпаветранай абароны на тэрыторыі Польшчы вядомая.  Гучалі заявы пра размяшчэнне “Іскандэраў” у Калінінградскай вобласці. Раней гучала гіпатэтычная магчымасць іх размяшчэння на тэрыторыі Беларусі. Наколькі гэта магчыма?

Сяргей Богдан: Урад Беларусі гатовы прыняць “Іскандэры”, калі яны будуць у складзе беларускага войска. Гэта пазіцыя, якая цалкам кладзецца ў канву ранейшых рашэнняў не толькі па авіябазе, але і па супольнай сістэме супрацьпаветранай абароны. Але я з вялікай цяжкасцю магу сабе ўявіць, каб Менск пагадзіўся на размяшчэнне расейскіх “Іскандэраў”. Я падкрэслю, што “Іскандэры” Менск размесціць, калі яны будуць беларускія.

РР: На мінулым тыдні з’явілася інфармацыя пра перакідванне расейскіх вайскоўцаў з Екацерынбурга пад беларускую мяжу. Як Вы мяркуеце, з чым гэта можа быць звязана?

Сяргей Богдан: Гэта зусім не новая інфармацыя. Увогуле, я не разумею, чаму ўсе спасылаюцца на сумнеўныя крыніцы, а менавіта, InformNapalm, калі пра гэтыя размяшчэнні вайсковых кантынгентаў гаварылася на Інтэрфаксе яшчэ ў канцы зімы – пачатку вясны. Там усе гэтыя рэчы былі, у тым ліку дзе, што і як будзе размешчана. Куды больш цікавае размяшчэнне не ў Клінцах Бранскай вобласці, дзе гэта тэарэтычна хутчэй за ўсё тычыцца Украіны, а размяшчэнне ў Смаленскай вобласці, дзе Расея ні з якой іншай краінай, акрамя Беларусі, не мяжуе. Гэта я трактаваў бы ў сітуацыі, якая зараз складваецца і з размяшчэннем супрацьракетнай абароны, і з размяшчэннем войскаў НАТО ўздоўж расейскай мяжы, – як рэакцыю, якая тычыцца і таго, што ёсць пытанні і да тэхнічнага стану беларускага войска, якое Масква зусім не спяшаецца дапамагаць пераўзбройваць і ўзмацняць, і  ўстаноўку Крамля на тое, каб адмаўляцца ад паслугаў усіх, у тым ліку і тых, каго Крэмль называе хаўруснікамі.

Таму, я думаю, што сутнасць пытання ў тым, што закрываецца мяжа ў тым ліку і з Беларуссю. Не таму, што лічыцца, што Беларусь можа перайсці на другі бок, а таму, што ёсць пытанні наконт здольнасцяў беларускага войска.  І ёсць, безумоўна, устаноўкі на тое, што нам хаўруснік не патрэбны, мы вялікая Расея, якой больш нічога не патрэбна.

Я б казаў пра размяшчэнне новых злучэнняў на мяжы з Беларуссю і Украінай хутчэй у звязку менавіта з гэтымі ўстаноўкамі Крамля, нежаданнем вылучаць нейкія сродкі на ўзмацненне хаўруснікаў, а не ў звязку з нейкім “Крымскім сцэнаром”. Таму што я ўвогуле не разумею, якое гэта мае дачыненне да яго. “Крымскі сцэнар” хутчэй вымалёўваецца ў звязку з размяшчэннем “Іскандэраў”. Хаця зноў такі, даволі сумнеўна, таму што такіх перадумоў, якія былі ў Крыме, больш нідзе, апроч магчыма Казахстану, ды і то сумнеўна, больш няма нідзе на постсавецкай прасторы.

Неўзабаве запрацуюць польскія элементы сістэмы супрацьракетнай абароны НАТО, Расея пагражае крокамі ў адказ. Заявы і дзеянні асноўных геапалітчыных гульцоў паказваюць, што Беларусь апынулася ў зоне супрацьстаяння на лініі НАТО – Расея, адзначыў у гутарцы са ЗК Сяргей Богдан.

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ostro.by