У Беластоку пройдзе беларуская патанцоўка
У нядзелю, 12 чэрвеня, Ілона Карпюк ды Давід Шымчук Band з адмысловым удзелам Пятра Скепкі ды Дымітра Ціханюка выканаюць песні з рэпертуару гурту “Дубіны”.
На пляцоўцы імя Станіслава Манюшкі паміж будынкам Беластоцкага лялечнага тэатра і Падляшскай Операй і Філaрмоніяй ужо трэці раз адбудзецца беларуская патанцоўка „Аксамітны летні вечар”. Кажа адна з арганізатараў мерапрыемства – Юліта Сцепанюк:
– Са старога засталася, перадусім, супольная сустрэча, супольная гульня пры жывой музыцы. А што новага? У гэтым годзе ўпершыню робім супольны праект, дзе выступяць і маладыя, і старэйшыя. А спяваць яны будуць песні з рэпертуару аднаго гурту. Гэта гурт “Дубіны”. Вельмі добра, калі маладыя артысты працягваюць тое, што яны стварылі, паказваючы тым самым, што беларуская культура – файная рэч, пра якую трэба клапаціцца, паказваць сваім дзеткам.
Танцаваць супольна запрашае Звяз у карысць адукацыі і прамоцыі беларускай культуры „Шчыты”. Уваход на патанцоўку “Аксамітны летні вечар”, якая адбудзецца ў бліжэйшую нядзелю, бясплатны. Пачатак а 18 гадзіне.
Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток