Ці зможа Літва заблакаваць старт Беларускай АЭС?



Беларуская АЭС усё часцей узгадваецца літоўскімі палітыкамі. Вільня выказвае занепакоенасць пытаннямі навакольнага асяроддзя і бяспекі, але Менск бачыць у паводзінах суседа перадусім эканамічныя і палітычныя матывы. Ці можа рыторыка і дзеянні Літвы нанесці сур’ёзную шкоду эканамічным і палітычным сувязям дзвюх краін?

Беларуская АЭС

Фота sputnik.by

Сваё меркванне на гэты конт на старонках Беларусь дайджэст выказвае старэйшы аналітык Цэнтра Астрагорскага ў Менску, былы супрацоўнік беларускага МЗС Ігар Губарэвіч.

У гутарцы з намі эксперт адзначае, што цяпер літоўскія палітыкі спрабуюць заблакаваць старт Астравецкай АЭС, але гэта амаль немагчыма:

– Даволі далёка прасунулася будаўніцтва, Беларусь стараецца выконваць міжнародныя працэдуры, і міжнародныя працэдуры не прадугледжваюць нейкай магчымасці заблакаваць станцыю такім чынам. Можна нашкодзіць гэтаму будаўніцтву нейкімі эканамічнымі санкцыямі, можна прадставіць Беларусь як краіну, якая не выконвае свае міжнародныя дамоўленасці, не выконвае канвенцыю, якая ненадзейная ў плане супрацоўніцтва. Гэта можна зрабіць, але калі ў беларускага ўрада будзе цвёрды намер станцыю дабудаваць, яны яе дабудуюць, няма нейкіх міжнародных механізмаў, якія б прымусілі Беларусь спыніць будаўніцтва станцыі.

РР: Размаўляючы з беларускім эканамістам Леанідам Заікам, ён як раз казаў нашаму радыё пра тое, што ў прынцыпе Беларусь будуе гэтую атамную электрастанцыю і ў перспектыве будзе экспартаваць электраэнергію. Ці Літва адмовіцца ад такой электраэнергіі і зможа неяк паўплываць на суседзяў з Еўрапейскага Звяза, каб не куплялі электраэнергію?

– Пакуль Літва цвёрда дэкларуе такі падобны намер адмовіцца ад закупак электраэнергіі, падбухторвае да гэтага сваіх суседзяў з большым ці меншым поспехам, бо Латвія, здаецца, Эстонія пагаджаецца, Польшча хаваецца за такімі больш дыпламатычнымі фармулёўкамі, якія азначаюць, што калі небяспечнае, то купляць не будзем. Але ж ці будзе гэтая станцыя небяспечная, яны змогуць вырашыць у любы момант бяспечная ці небяспечная. Фінляндыя гатова закупаць, таму канешне Літва можа тут прынцыповую пазіцыю заняць і адмовіцца купляць электраэнергію. З другога боку пакуль у Беларусі ёсць недахоп уласнай электраэнергіі, і наколькі эксперты пра гэта кажуць таксама, на першы час, я думаю, што тая электраэнергія, якую будзе вырабляць станцыя, пойдзе на ўласныя ўнутраныя патрэбы. Да таго ж тут ёсць планы агучаныя ўрадам, каб скарачаць спажыванне іншых відаў энергіі і больш пераводзіць на спажыванне электрычнай энергіі. Магчыма гэта доўгатэрміновыя планы, але таксама яны будуць нарошчваць долю электраэнергіі і адпаведна попыт на электраэнергію будзе ўзрастаць. Што будзе ў доўгатэрміновай перспектыве цяжка прадказаць, магчыма Літва таксама ў пэўнай сітуацыі пагодзіцца змяніць сваю пазіцыю. Я думаю, што пакуль размова ідзе пра пэўны шантаж.

РР: Літоўскі бок можа шантажаваць тым, што пачне нейкую міжнародную кампанію, не будзе пакупаць электраэнергію, а беларусы могуць, напрыклад, перастаць вазіць праз Клайпеду грузы?

– Безумоўна, таму гэтыя спробы літоўскага боку зразумець псіхалагічна можна. Будуецца электрастанцыя побач з мяжой, будуецца электрастанцыя па расейскай тэхналогіі, будуецца расейскім генеральным падрадчыкам, таму безумоўна гэта псіхалагічна і сыходзячы з гісторыі пытання цяжка паверыць у тое, што станцыя будзе бяспечнай, але неяк даказаць гэта з лічбамі ў руках літоўцам цяжка. Таму псіхалагічна зразумець можна. Гэта вельмі выйграшна ва ўнутрыпалітычным плане ў Літве, гэта безумоўна падтрымліваецца экалагічнымі рухамі, гэта падтрымліваецца значнай часткай грамадства, але наколькі гэта можа пераважыць, наколькі гэта можа стаць сур’ёзнай доўгатэрміновай стратэгіяй, пераважыць іншыя эканамічныя выгады ад супрацоўніцтва з Беларуссю – усё тое ж выкарыстанне порта, двухбаковы гандаль, цяжка сказаць. Наўрад ці гэта такая выйграшная стратэгія. Як у кароткатэрміновым плане цяпер перад выбарамі ў Літве – гэта магчыма апраўдана для літоўскага боку. Ці далей выйграшна весці да канца такую палітыку літоўцам вырашаць.

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя